Глыбоцкую журналістку аштрафавалі за відэасюжэт, хаця яна рабіла аўдыяінтэрв'ю

Глыбоцкую журналістку аштрафавалі за відэасюжэт, хаця яна рабіла аўдыяінтэрв'ю

Суд Глыбоцкага раёна аштрафаваў журналістку-фрылансера Таццяну Смоткіну на 870 рублёў (30 базавых велічынь) Яе прызналі вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, паведамляе baj.by. 

Падставай для адміністрацыйнага пераследу стала аўдыяінтэрв'ю для “Беларускага Радыё Рацыя” з глыбоцкім фітнес-трэнерам і грамадскім актывістам Аляксандрам Шарабайкам.

Суд над журналісткай прайшоў у яе адсутнасць, бо цяпер яна ў адпачынку за мяжой. Не выклікалі на суд і Аляксандра Шарабайку, які праходзіў сведкам па гэтай справе.

Смоткіна папрасіла даслаць ёй матывіровачную частку пастановы суда па электроннай пошце. 30 жніўня яна атрымала дакумент і моцна здзівілася.

“Складваецца ўражанне, што пастановы выпісваюць як пад капірку. Тут паведамляецца, што я быццам бы вырабіла відэасюжэт. Але я не раблю відэасюжэты — толькі аўдыяінтэрв'ю, то бок запісваю людзей на дыктафон, а не на відэакамеру”, — кажа журналістка.

Таксама ў пастанове было напісана, што Смоткіна не аспрэчвае абставіны правапарушэння і быццам бы засведчыла гэта ўласным подпісам. Журналістка заяўляе, што мае копію пратакола, дзе яна ўласнаручна напісала, што ніякіх законаў не парушала і віну не прызнае.

Рашэнне Глыбоцкага раённага суда яна плануе абскарджваць у вышэйшай інстанцыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі