Горацкі райвыканкам адмовіўся кампенсаваць шкоду сям'і, якая правалілася пад зямлю

Акрамя таго, сямейная пара патрабуе 50 мільёнаў рублёў для кампенсацыі маральнай шкоды.



Горацкія чыноўнікі лічаць, што райвыканкам нічым не парушыў правы пацярпелай сям'і. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які падпісаў намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Уладзіслаў Яромін, паведамляе БелаПАН.



Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ўвечары 4 студзеня на вуліцы Якубоўскага ў Горках. Пакладзеная да "Дажынак" плітка правалілася пад нагамі ў сямейнай пары, якая вярталася дадому. Муж і жонка апынуліся па калена ў вадзе, якая стаяла ў яме.  Муж выпхнуў жонку з ямы, а затым выбраўся сам. Пацярпелыя перажылі моцны стрэс. Пасля яго жанчына знаходзілася на лячэнні ў аддзяленні неўрозаў у Магілёўскай псіхіятрычнай лякарні. Таксама сямейная пара кажа, што на марозе яны застудзіліся, а потым заразілі сваіх блізкіх.



Пацярпелы мужчына паведаміў БелаПАН, што выбірае варыянт далейшых дзеянняў: падаць у суд, напісаць ліст у аблвыканкам ці адправіць электронны ліст на сайт кіраўніка Беларусі.



У сваю чаргу чыноўнікі Горацкага райвыканкаму раней казалі, што кампенсацыю за шкоду павінна выплаціць арганізацыя, на чыім балансе знаходзяцца камунікацыі — УКП "Цеплавая энергетыка". Пытанне ж маральнай кампенсацыі, маўляў, павінен вырашыць суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі