Грошы ад трансфераў Глеба ўкладуць у стадыён “Дынама”… пасля рэканструкцыі

Грошы ад трансфераў Глеба ўкладуць у стадыён “Дынама”… пасля рэканструкцыі

Знакаміты беларускі футбаліст Аляксандр Глеб не аднойчы цікавіўся лёсам грошай, якія БФСТ “Дынама” атрымала за трасфер футбаліста са “Штутгарта” ў “Арсенал”. Гэты пераход каштаваў англійскаму клубу больш за 15 мільёнаў еўра. Згодна з рэгламентам ФІФА, частка грошай мусіла трапіць і на рахунак БФСТ “Дынама”.

“Рэгламентам ФІФА вызначана 5% ад сумы трансфера, — каментуе дырэктар міжнародна-прававога дэпартамента Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Ільіч. — Гэтыя 5% прапарцыйна дзеляцца паміж усімі школамі і клубамі, у якіх футбаліст знаходзіўся з 12 гадоў да 21 года. У адпаведнасці з гэтым рэгламентам, грошы ад трансфераў Глеба атрымлівала школа”.

Аляксандр Глеб сам не аднойчы цікавіўся, колькі дакладна атрымала школа за яго пераходы і куды іх збіраецца траціць.

“Агульная сума, якую атрымала БФСТ “Дынама” за трансферы Аляксандра Глеба — 620,9 тысяч еўра,” — адказвае на запыт Еўрарадыё намеснік старшыні цэнтральнага савета фізкультурна-спартовага таварыства.

Але на што пайшлі гэтыя грошы?

“Паведамляем, што частка грашовых сродкаў была накіраваная на выплату падаткаў, збораў, выплат трэнеру Аляксандра Глеба, — зноў жа адказваюць на пісьмовы зварот Еўрарадыё ў БФСТ "Дынама". — Астатняя частка грошай да цяперашняга часу знаходзіцца на дэпазітным рахунку БФСТ “Дынама”, паколькі іх планавалася накіраваць на рэканструкцыю вучэбна-трэніровачнай базы Мінскай СДзЮШАР №3 БФСТ “Дынама”. Пасля заканчэння рэканструкцыі стадыёна “Дынама” і прыняцця рашэння аб перадачы памяшканняў у карыстанне СДзЮШАР №3 астатнія грошы плануецца ўкласці ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і іншыя мэты гэтай школы”.

Між тым, першы трэнер Глеба толькі аднойчы атрымліваў прэміяльныя за пераходы свайго гадаванца.

“Мне толькі раз пералічылі грошы, калі Глеб пайшоў у БАТЭ, — кажа Уладзімір Сінякевіч. — Больш нічога не было. Усё! А колькі там грошай дакладна было пералічана, я ўжо не памятаю”.

Пераход Аляксандра Глеба ў “Арсенал” адбыўся ў 2005 годзе. Згодна з адказам БФСТ “Дынама”, за час знаходжання на дэпазітным рахунку “сума вырасла на 163,8 тысяч еўра”. Але навошта чакаць завяршэння рэканструкцыі стадыёна “Дынама”, каб укласціся ў рэканструкцыю школы пры стадыёне “Дынама”? Незразумела.

Так выглядае стадыён "Дынама" ўнутры. Яго рэканструкцыя мусіць скончыцца ў сакавіку 2018 года. (Фота Belta.by)

Гэтыя грошы, напрыклад, як два бюджэты мінскіх “Крумкачоў”, дзе гуляе брат Аляксандра Вячаслаў Глеб. Або 2/3 кошту футбольнага манежа, адкрытага сёлета ў Гродне з вялікай помпай. Словам, укласці ёсць куды, але пакуль грошы ляжаць пад працэнты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі