Харвацкую візу атрымаюць толькі беларусы, якія жывуць у Расіі?

З наступнага месяца Харватыя афіцыйна ўваходзіць у ЕС. Яна стане 28-й краінай аб’яднанай еўрапейскай супольнасці.

“1 ліпеня важная дата, гістарычны момант. Гэта будзе першы дзень новай эры для Харватыі. Хаця ніякага цуду не адбудзецца. Грамадзяне чакаюць з нецярпеннем. Цырымоніі з нагоды ўваходжання ў ЕС будуць добрымі і эмацыйна зараджанымі, але сціплымі праз эканамічную сітуацыю”, — заявіў прэзідэнт балканскай краіны Іва Ёсіпавіч.

Зараз Харватыя ўжо чацвёрты год знаходзіцца ў рэцэсіі. Дзякуючы аб’яднанню з іншымі еўрапейскімі эканомікамі ўрад спадзяецца вырашыць эканамічныя праблемы. Калі ж казаць пра жыхароў Харватыі, то стаўленне да ідэі ўваходжання ў ЕС змяняецца. Калі паўтара года таму 66% харватаў выказаліся на рэферэндуме за ўступленне ў саюз, то, згодна з апытаннямі, цяпер гэтую ідэю падзяляюць толькі 50% харватаў.

Вядомая харвацкая пісьменніца і публіцыстка Славенка Дракуліч, якая жыве ў Швецыі, лічыць, што на еўрапейскім цягніку Харватыі адведзена “месца ў другім класе”.

Славенка Дракуліч: “Першы клас дзеліцца паміж ядром, што ўяўляе сабой раскошны клуб, які, сапраўды, і вырашае. Але ёсць і другі клас, які складаецца з былых камуністычных краін, у якім, дарэчы таксама ёсць вялікія адрозненні, як, напрыклад, паміж Польшчай і Румыніяй, так і Чэхіяй і Балгарыяй”.

Публіцыстка сцвярджае, што шансы скараціць розніцу паміж Усходняй і Заходняй Еўропай былі да 2008 года, калі было больш сродкаў і матывацыі. Цяпер, калі запавольваецца ў развіцці ўвесь ЕС, зрабіць гэта складаней.

Тым не менш уваходжанне Харватыі ў ЕС можа даць штуршок развіццю турыстычнай сферы, якая і так складае каля 20% эканомікі краіны. Сюды традыцыйна ездзяць аўстрыйцы, немцы, брытанцы і французы. Прычым не толькі адпачыць, але і набыць жыллё. Для такіх замежнікаў навіна аб далучэнні Харватыі да ЕС з’яўляецца пазітыўнай. Бо, як кажуць брокеры, для пакупнікоў жылля вельмі важным з’яўляецца факт усведамлення, што іх дом знаходзіцца ў Еўрапейскім саюзе. Супрацоўнік агенцтва нерухомасці Engel & Volkers тлумачыць Bloomberg, чаму замежнікі інвестуюць ў нерухомасць у Харватыі:

“Чаму Харватыя? Бо гэта значна танней, чым Італія альбо Іспанія, краіна ўсё яшчэ некранутая, і вы можаце даехаць да яе на машыне з Аўстрыі, Італіі альбо Паўднёвай Германіі”.

Цікава, што ўступленне Харватыі ў ЕС можа адбіцца і на Беларусі. Згодна з дадзенымі Белстата, за першыя чатыры месяцы гэтага года Беларусь закупіла тавараў ў Харватыі амаль на 4,76 мільёна долараў, а прадала на суму амаль удвая большую — на 9,37 мільёна долараў.

Што тычыцца турыстаў з Беларусі, то да канца 2013 года яны могуць наведваць Харватыю з шэнгенскай візай. Як будзе далей — невядома. Таксама можна ўязджаць у краіну пры наяўнасці харвацкай візы. У амбасадзе Харватыі ў Маскве тлумачаць, на якіх умовах яе могуць атрымаць  беларусы:

“Для грамадзяніна Беларусі, які будзе падаваць дакументы ў Расіі, трэба будзе падаць дакументы, які пацвярджаюць легальнае пражыванне на тэрыторыі Расіі. Консульскі збор будзе складаць 60 еўра і плюс сэрвісны збор 19 еўра. Можна запрасіць як аднаразовую, так і шматразовую візу”.

Але дзе атрымоўваць харвацкую візу беларусам, калі яны не жывуць у Расіі, у амбасадзе не ведаюць.

Фота: find-croatia.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі