Інтэрнэт-крамам загадалі мець касавыя апараты, але ў продажы іх пакуль няма

З 16 чэрвеня інтэрнэт-крамы павінны выкарыстоўваць касавыя апараты і выбіваць чэк проста перад пакупніком.

“Праблема ў тым, партатыўных касавых апаратаў няма ў продажы! Мы абзванілі некалькі крам, але там пуста!” — скардзіцца Еўрарадыё адзін з ўладальнікаў інтэрнэт-крамы.

За адсутнасць чэка штраф — ад 1 да 200 мільёнаў. Пастанова Саўміна была прынятая яшчэ ў снежні мінулага года, і ў прадпрымальнікаў быў час на пакупку апаратаў. Але, як заўсёды, усе кінуліся купляць у апошні момант.

У інтэрнэце кантор па продажы касавых апаратаў шмат. Але ні першы тэлефонны званок, ні пяты мне ўдачы не прыносіць — касавых апаратаў няма.

“Тэлефануйце ў чацвер, можа, будуць апараты. Былі-былі,а потым неяк адразу зніклі”, — разводзіць рукамі мэнэджар інтэрнэт-крамы касавых апаратаў.

“Бяруць звычайна “Меркурый”, расійскі. Ёсць яшчэ беларускай зборкі — МТТ, але ён будзе толькі пасля 24 чэрвеня. На заводзе ёсць каробкі, але дэталяў няма. Кошт “Меркурыя” — 1,2 мільёна рублёў, а беларускага — 1,5. Па функцыянале яны аднолькавыя”, — тлумачыць прадаўшчыца яшчэ адной інтэрнэт-крамы. У наступнай мне прапаноўваюць адразу пакупку аплаціць, але атрымаць тавар можна будзе толькі на наступным тыдні.

“Партатыўныя будуць у сераду. Адзін толькі застаўся прыбор. Калі паспееце… прыязджайце!”, — натхняюць мяне на дзеянне ў “Прыборсэрвісе”.

“Вось сёння сабе толькі дастаў! — радуецца набытку гандляр аўдыё і відэатэхнікі. — Нават не ведаю, навошта гэта ўводзяць. Раней жа былі адрыўныя талоны — гэта таксама бланкі строгай справаздачнасці!”

У Міністэрстве па падатках і зборах тлумачаць, што ніякай розніцы паміж касавым апаратам і адрыўным талонам для справаздачнасці няма. Але “талоны могуць згубіцца, а бухгалтэрыя па касавым апараце — не”.

Па падліках Еўрарадыё, на буйнейшых інтэрнэт-пляцоўках размяшчаецца болей за 1 600 інтэрнэт-крам. Калі адной краме трэба хаця б па адным касавым апараце, дык на закупку іх патрэбна болей за 2 мільярды рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі