Іспанскі суд адклікаў ордэр на арышт лідара Каталоніі Пучдэмона
Вярхоўны суд Іспаніі адклікаў ордэр на арышт былога кіраўніка каталонскага ўрада Карлеса Пучдэмона, перадае Бі-Бі-Сі.
Ордэр дзейнічаў на тэрыторыі ўсяго Еўрасаюза. Сам каталонскі лідар знаходзіцца ў Бельгіі: на радзіме яму пагражае крымінальны пераслед за рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі. Ордэр на вышук Пучдэмона ў Іспаніі працягвае дзейнічаць: яго вінавацяць у сепаратызме і непадпарадкаванні законнаму ўраду.
Ордэр на арышт Пучдэмона на тэрыторыі ЕС быў адкліканы, бо каталонскі палітык і яго паплечнікі паказалі відавочны намер вярнуцца ў Іспанію напярэдадні выбараў 21 снежня.
Як вядома, іспанскія ўлады адхілілі Пучдэмона і яго паплечнікаў ад улады пасля рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі. Пасля гэтага каталонскія палітыкі ўцяклі ў Бельгію. Рэферэндум не быў прызнаны ні Мадрыдам, ні Бруселем.
Іспанскі ўрад заяўляе, што галасаванне на рэферэндуме было незаконным. Тым не менш Пучдэмон настойвае, што меў паўнамоцтвы абвясціць незалежнасць Каталоніі.