Італьянцы ўзначалілі міжнародны рэйтынг сэкс-турыстаў

Арганізацыя “Канец дзіцячай прастытуцыі, парнаграфіі і гандлю людзьмі” (англійскае ECPAT – заўв. Еўрарадыё) налічыла 80 тысяч італьянцаў, якія штогод выязджаюць за мяжу ў пошуках сэксуальных сувязяў.

Прыкладна 5% з іх не супраць сувязяў з непаўналетнімі. Прэзідэнт італьянскай арганізацыі ECPAT Марка Скарпаці лічыць іх “сэксуальнымі злачынцамі”.

Марка Скарпаці: “Гэта вандруючыя сэксуальныя злачынцы. Цяпер у нас ёсць новае пакаленне такіх маладых італьянцаў, і гэта вельмі трывожна".

Згодна з дадзенымі Белстата, у 2012 годзе Беларусь наведалі 22,7 тысяч турыстаў не з краін СНД. У асноўным, гэта грамадзяне Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Вялікабрытаніі, Турцыі і Італіі. Але гаварыць пра праблему італьянскіх сэкс-турыстаў у Беларусі не выпадае, лічыць мэнэджар па турызме кампаніі “Альта-тур” Вікторыя Садоўская.

Вікторыя Садоўская: “У асноўным, калі рабіць акцэнт на сэкс-турызме, то большасць турыстаў, напэўна, арабы ці з Турцыі. Мне здаецца, гэта самы вялікі працэнт. Бо ў нас шмат будоўлі, туркі будуюць гасцініцы, рэстараны. Калі наступаюць канікулы, усе стараюцца прыязджаць сюды. Прадстаўнікі еўрапейскіх краін, як Германія, Францыя, у гэтым плане больш спакойныя”.

Дарэчы, з Турцыяй у канцы сакавіка Беларусь падпісала пагадненне аб бязвізавым рэжыме. Пакуль яно не ратыфікаванае. Але калі пачне дзейнічаць, струмень туркаў у Беларусь значна павялічыцца, мяркуе Вікторыя Садоўская. Верагодна, павялічыцца і колькасць сэкс-турыстаў.

Вікторыя Садоўская: “Туркам у нас вельмі падабаецца. Стараюцца прыязджаць як летам, так і круглы год”.

Тым часам папулярнасць сэкс-турызму ў Беларусі канстатуюць і ў беларускім МУСе. Адзначаючы пры гэтым, што за апошнія тры гады павялічылася колькасць прыцягнутых да адказнасці за заняцце прастытуцыяй.

Акрамя італьянцаў, пэўныя праблемы ствараюць і сэкс-турысты з Германіі. Напрыклад, улады чэшскага горада Хэб думаюць, як уціхамірыць нямецкіх сэкс-турыстаў. На іх увесь час скардзяцца мясцовыя жанчыны: увечары немагчыма прайсці па горадзе, не атрымаўшы непрыстойнай прапановы.

Сярод расіян карыстаюцца папулярнасцю сэкс-туры ў Турцыю ці Тайланд. Туркі ж актыўна ездзяць не толькі ў Беларусь, але і ва Украіну. Тут нават з’явіўся рух супраць сэкс-турыстаў, актывісты якога паўгода таму паказльна збілі сэкс-турыста з Турцыі. Нясупраць лёгкага сэксу і турысты з Вялікабрытаніі, якія любяць бавіць свой час у Латвіі.

Фота: capitolhillcubans.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі