Каханне і карона. Фота Лізаветы II, якія сёння пераглядае Брытанія
Каралева Лізавета / BiblioArchives
"Я лічу, што, маладыя ці старыя, мы можам з упэўненасцю і надзеяй глядзець у будучыню гэтаксама, як і з гонарам азірацца назад", — казала каралева Вялікабрытаніі Лізавета II.
Мы не прэтэндуем на тое, каб змясціць біяграфію каралевы ў некалькіх абзацах тэксту. Мы толькі хочам нагадаць вам пра яркія падзеі, многія з якіх сёння ўспамінае ўвесь свет. Азірнёмся назад і пакажам вам фота, якія раскажуць самі за сябе.
1. Калі ў Георга VI нарадзілася дачка, ніхто не думаў, што яна стане каралевай. Лізавета была толькі трэцяй у чарзе на трон. А потым умяшалася каханне.
Старэйшы брат Георга, Эдуард, ажаніўся насуперак патрабаванням сям'і і парламента, бацька Лізаветы стаў каралём, а сама Лізавета сталася другой у чарзе на трон. І зусім хутка яна стала першай у чарзе на каханне брытанскага грамадства.
2. Каралева была зусім юная, калі пачалася Другая сусветная вайна. Дзвюх прынцэс — Лізавету і яе сястру Маргарэт — прапанавалі эвакуяваць у Канаду. Але іх маці сказала, што дочкі нікуды не паедуць без сваёй маці. А сама яна нікуды не паедзе без караля.
Большую частку вайны прынцэса правяла ў Віндзорскім замку.
Калі Лізавеце было ўсяго 14, яна ўпершыню звярнулася да брытанцаў па радыё. Праўда, тады яшчэ толькі да зусім маленькіх брытанцаў. Прынцэса выступіла ў часе Дзіцячай гадзіны на ВВС.
"Мы спрабуем зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы нашым доблесным маракам, салдатам і лётчыкам, а таксама мы спрабуем вынесці сваю долю небяспек і смутку вайны. Мы ведаем, кожны з нас ведае, што ўрэшце ўсё будзе добра".
3. Не здзіўляйцеся, на гэтым фота на прынцэсе вайсковая форма. Узімку 1945 года яе прызначылі ганаровым другім малодшым афіцэрам Дапаможнай тэрытарыяльнай службы. І будучая каралева асвоіла працу механіка!
А як прынцэсы Маргарэт і Лізавета святкавалі перамогу! Яны папрасілі ў бацькоў дазволу выйсці з палаца і змяшацца з натоўпам Лондана, якая святкавала. Яны баяліся быць пазнанымі і ўсё ж выйшлі на вуліцы горада.
4. Але гісторыя каралевы — гэта не толькі пра любоў Брытаніі. Лізавета сустрэла свайго будучага мужа, прынца Філіпа, калі ёй было ўсяго 8 гадоў. Праз некалькі гадоў яны "зноў пазнаёміліся". А пасля трэцяй сустрэчы будучая каралева закахалася.
Лізавеце тады было 13. Завязалася перапіска. Пра заручыны Філіпа і Лізаветы абвесцяць праз 8 гадоў, калі будучай каралеве будзе ўжо 21 год.
Ля алтара Лізавета сказала традыцыйную клятву. Яна не стала прыбіраць з яе і абяцанні падпарадкоўвацца свайму мужу, хоць грамадства тады і ўспрыняло гэта неадназначна: маўляў, гэта ж будучай каралеве павінны падпарадкоўвацца!
5. Лізавета атрымала вестку пра смерць свайго бацькі, калі разам з Філіпам знаходзілася ў паездцы ў Кеніі. Гэта здарылася ў 1952 годзе.
Улетку наступнага года прынцэса Лізавета стала каралевай Лізаветай II. Яе прысягу транслявалі па тэлебачанні. Мільёны брытанцаў сабраліся ля экранаў — а шмат хто ўпершыню ў жыцці, — каб убачыць гэты момант, піша ВВС.
6. Лізавета і Філіп шмат падарожнічалі. Наогул, каралева Лізавета стала першым брытанскім манархам, які наведаў Аўстралію і Новую Зеландыю — краіны Садружнасці. Натоўпы былі велізарныя. Кажуць, Лізавету ўбачыла тры чвэрці аўстралійскага насельніцтва.
7. Гэта цяпер усе замілоўваюцца вольнасцямі, якія дапускаюць у сваіх паводзінах каралеўскія асобы. Але калі на тое, менавіта Лізавета стала каралевай, якая ўвяла практыку "каралеўскіх прагулак". Менавіта яна першай стала камунікаваць з простымі людзьмі ў рамках сваіх каралеўскіх тураў.
8. Калі вам патрэбен прыклад каралеўскай стрыманасці, успомніце гісторыю пра тое, як Лізавета перажыла напад. Яна ехала на сваім кані Бірманцу, калі зусім блізка пачулася шэсць стрэлаў. Пазней высветлілася, што нападнік страляў халастымі. Але каралеўскі спакой і ўменне каралевы кіраваць канём тады шмат каго ўразілі.
9. Калядны зварот Лізаветы слухалі не толькі брытанцы. Мы ўпэўненыя, што і вы хоць раз яго чулі. Дарэчы, гэта адзіны дзень у годзе, калі Лізавета давярае макіяж грымёру. У астатні час ёй, каралеве, не патрэбна была дапамога: каралеўскае пачуццё густу Лізавету не падводзіла.
Але галоўнае ў гэтых зваротах — не старанна падабраныя ўборы і макіяж. Галоўнае ў іх — старанна падабраныя словы. Вось з якімі словамі каралева звярнулася да брытанцаў 20 гадоў таму. Нам здаецца, яны актуальныя і цяпер.
"Я ведаю, што адзіны спосаб пражыць сваё жыццё — гэта старацца рабіць тое, што правільна, глядзець наперад, аддаваць усё, што ў маіх сілах, ва ўсім, што прыносіць дзень, і давяраць Богу".
10. Гэты год стане для Брытаніі годам, у які яны страцілі сваю каралеву. Але яны змогуць успамінаць яго і як год, у які разам з ёй сустрэлі плацінавы юбілей яе ўладарання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.