Кантрабанду беларускіх цыгарэт прыкрывалі абразом святога Крыштафа
Кантрабанда беларускіх цыгарэт
Літоўскія памежнікі перахапілі "плыт" з беларускімі цыгарэтамі, які прыплыў па Нёмане.
Увечары ў нядзелю памежнікі заўважылі круглы прадмет, які загруз у траве каля берага недалёка ад вёскі Швяндубрэ. Дабраўшыся да яго, яны пабачылі трактарную шыну, абгорнутую плёнкай і прысыпаную пяском.
У шыне было 1350 пачкаў цыгарэт NZ Gold, два GPS-трэкеры і дзве сім-карты. Але больш за ўсё памежнікаў здзівіла паштоўка з выявай святога Крыштафа і надрукаваная малітва кіроўцы на беларускай. Святы Крыштаф лічыцца заступнікам перавозчыкаў і падарожнікаў. Праўда, кантрабандыстам ён не вельмі дапамог.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.