Ката з Навагрудка, за пакутамі якога назіраў інтэрнэт, забралі ў гаспадароў

Ката адвезлі ў лідскую клініку на абследаванне / група ВПП "Хутар" "Вконтакте"
Ката адвезлі ў лідскую клініку на абследаванне / група ВПП "Хутар" "Вконтакте"

Рудага ката з Навагрудка, за пакутамі якога пару дзён таму назіраў інтэрнэт, забралі ў гаспадароў. Відэа знялі відавочцы. У кадр трапіў хлопчык, які цягнуў па снезе на вяроўцы ката, перыядычна штурхаў яго і ўрэшце павесіў на парэнчах. Пры гэтым людзі, якія ішлі міма, ніяк не рэагавалі на гэтыя здзекі з жывёл.

Адрэагавалі гледачы. Мясцовыя жыхары, паглядзеўшы ролік, напісалі заявы ў міліцыю і пракуратуру. У выніку да гаспадароў прыйшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў і забралі ката, расказвае TUT.BY.

"Аказалася, што дзіцяці 4 гады. На відэа бачна, што ката таксама штурхае пажылая жанчына, якая была побач... Жанчына, як мы высветлілі, — бабуля дзіцяці", — расказала жыхарка Навагрудка Вольга, якая займаецца часовай ператрымкай жывёл.

Бабулю апытала міліцыя. Жанчына, па словах валанцёра, вельмі здзівілася, калі даведалася, што ката забіраюць. Яна сказала міліцыянтам, што падабрала кацяня на вуліцы і доўга лячыла.

"Але як так можна абыходзіцца з жывёлай, калі ты яе любіш?" — здзіўляецца валанцёр.

Па словах Вольгі, бачных пашкоджанняў у ката не было. Тым не менш яго адвезлі ў лідскую ветклініку для абследавання. Міліцыя пачала праверку па гэтым інцыдэнце.

Заканадаўства Беларусі за жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжвае як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасць. У якасці пакарання могуць быць штраф, папраўчыя працы або арышт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі