Кіраўнік МЗС Расіі: Мы не хочам другога Прыднястроўя ва Украіне
Расія не мае намераў ствараць на ўсходзе Украіны буферную зону, сцвярджае Сяргей Лаўроў.
“Я чуў,… што нам нібыта цікава стварыць “другое Прыднястроўе”, нейкую буферную зону — гэта глупствы”, — сказаў міністр замежных справаў у эфіры тэлеканала “ТВ Центр”.
“Прыдумаць, што мы сарвалі прыднястроўскае ўрэгуляванне, і таму мы цяпер хочам зрабіць тое ж самае ва Украіне, мог толькі нездаровы розум у разліку на абдурванне публікі”, — дадаў Лаўроў.
Таксама кіраўнік расійскага МЗС паведаміў, што Уладзімір Пуцін і Пятро Парашэнка не абмяркоўваюць Крым у працэсе перамоваў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Апроч таго, па яго словах, украінскія ўлады супярэчліва трактуюць мінскія дамоўленасці аб перамір’і. Лаўроў мяркуе, што вялікую ролю ў распальванні крызісу граюць ЗША.
“Вашынгтон ужо шмат разоў даказаў, што яго мэтай з’яўляецца максімальна абвастрыць гэты крызіс, каб выкарыстаць Украіну ў якасці разменнай манеты ў чарговай спробе ізаляваць і аслабіць Расію”, — цытуе расійскага міністра ВВС.