Колькі трэба сасісак, каб прыехаць з Польшчы ў Беларусь. Сітуацыя на мяжы
Як падрыхтавацца да сутак на мяжы?
Калі спытаць у беларусаў, што яны чытаюць напярэдадні Новага года, многія адкажуць — памежныя чаты. Там цяпер разгортваецца сапраўдная трагікамедыя.
"Я чацвёрты дзень сяджу, назіраю", — піша адзін з удзельнікаў чата, які планаваў ехаць у Беларусь з Германіі. Але начытаўшыся навін пра тое, як беларусы стаяць у 12-кіламетровай чарзе на мяжы, ніяк не наважваецца сесці за руль.
Мы пачыталі, што расказваюць суайчыннікі пра сітуацыю на мяжы. Ясна адно: жаданне вярнуцца дадому на святы мацнейшае за страх перад дванаццаццю кіламетрамі чаргі (і допытам КДБшнікаў).
Каляды ў машыне: падкажыце, колькі браць кабанасаў?
Самыя страшныя навіны з мяжы паступалі на выходных: тады беларусы расказвалі, што чарга на ўезд у Беларусь расцягнулася ўжо на 12 кіламетраў.
"Былі на мяжы 23.12, чарга была 12 км... Гэта быў нялёгкі шлях, за 52 гадзіны прайшлі абедзве мяжы. Хлопцы-суседзі малайцы, і будзілі, і дапамагалі чым маглі", — дзеляцца ў чатах.
У тых, хто падарожнічаў аўтобусам, таксама былі праблемы. Людзі пісалі, што прайсці мяжу ў некаторых займала 10 гадзін.
"Хто едзе з маленькім дзіцем, можна скарыстацца гатэлем. Мы так зрабілі, а калі наш аўтобус пад'язджаў да шлагбаўма, мы на таксі да яго пад'ехалі. Заплацілі 40 злотых, але зэканомілі дзесьці 3,5 гадзіны", — дзяліліся лайфхакамі ў беларускіх чатах.
А часам беларускія КДБшнікі ўскладнялі і без таго няпросты працэс праходжання мяжы. Нярэдкія гісторыі, калі стомленых ад стаяння ў шматгадзіннай чарзе беларусаў здымалі з аўтобуса і вялі на допыт.
Раніца, 26 снежня: ужо не так страшна
Але ўжо праз суткі сітуацыя зрабілася (трошачкі) менш крытычнай.
"Першы з канца стаю, 4.9 км да шлагбаўма", — даў справаздачу ў ноч на 26 снежня адзін з удзельнікаў чата.
"Ну хоць не 11 кіламетраў", — выдыхнулі іншыя.
"Сяджу цяпер і думаю: навошта было 11 км стаяць, калі можна было паспаць суткі і стаяць 5", — шкадуе недальнабачны кіроўца.
Праз яшчэ некалькі гадзін іншыя кіроўцы зрабілі справаздачу: "Стаім апошнія ў чарзе на РБ — 2,9 км да шлагбаўма".
Проста цяпер: "Аўтобусаў ужо практычна няма"
Беларусы супакойваюць тых, хто, пачытаўшы навіны, не наважваецца сесці за руль і паехаць дадому.
"Дык ужо не такая чарга, як была. Можа, на суткі", — падбадзёрваюць адно аднаго ўдзельнікі аднаго з чатаў.
Аптымістаў відаць з планаў на найбліжэйшыя дні: яны збіраюцца крыху пачакаць і выехаць дадому раніцай 27 лістапада.
"Спадзяюся на 1 км чаргі", — піша адзін з аптымістаў.
А тыя, хто перасякае мяжу на аўтобусе, ужо цяпер піша, што чарга "скончылася":
"Аўтобусаў практычна няма. Уся мяжа заняла 3-3, 5 гадзіны", — расказваюць беларусы ў чатах.
А як гэта было год таму? "Апошні раз ела раніцай, і гэта быў чызкейк"
Мы пачыталі, што пісалі ў беларускіх памежных чатах напярэдадні 2023 года. Сітуацыя была не такой крытычнай, бо легкавушкі маглі рвануць у іншы пункт пропуску, але сёлета Польшча пакінула працаваць толькі адзін — Аляксандр Лукашэнка занадта старанна пагражаў краіне вагнераўцамі.
Але настрой у памежных чатах былі прыкладна такі ж: маўляў, да дома рукой дастаць, а дабрацца ніяк не выходзіць. Нехта скардзіўся на чэргі, а нехта — на голад!
"Я апошні раз ела ўчора раніцай чызкейк!" — пісала адна кіроўца, якая не прадбачыла, што занадта шмат часу правядзе ў чарзе.
"І ў мяне ўсё з'едзенае. Шакалад толькі з падарункаў застаўся, гэта ўжо калі зусім блага будзе!" — паведамляла іншая беларуска. А трэці раіў, дзе можна купіць свіныя адбіўныя "на вынас".
Іншыя па-філасофску заўважалі: маўляў, у святы сітуацыя на мяжы была такой заўсёды.
"Як хутка мы навучыліся "прывыкаць", — жартавалі ў адказ на гэтыя "філасофскія " рэплікі менш рахманыя кіроўцы.
"А я не маркочуся. Вунь людзі за мной стаяць, ім яшчэ горш. І ў жніўні было 26 гадзін чакання, і нават па 40 гадзін людзі стаялі. Так што ўсё адносна. Сумаваць нельга, маркота — смяротны грэх!" — падбадзёрвалі кіроўцы адно аднаго.
"Вядома, сумаваць нельга, асабліва калі дома чакаюць галубцы!" — жартавалі іншыя беларусы.
А вы яшчэ стаіце ў чарзе? Спадзяемся, у вас з сабой дастатковы запас кавы і кабанасаў!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.