Крэмль: Спачатку інтэграцыя, потым нізкія кошты на газ для Беларусі
Расія гатовая да перамоваў з Беларуссю пра пастаўкі газу і выдзяленне новых крэдытаў толькі пасля таго, як вырашыцца пытанне з інтэграцыяй. Пра гэта заявіў журналістам у Екацярынбургу віцэ-прэм'ер расійскага ўраду Дзмітрый Казак.
"Мы пакуль праводзім перамовы аб паглыбленні інтэграцыйных працэсаў. Пасля таго, як скончым дыялог на гэтую тэму, стане зразумела, калі і якім чынам мы будзем збліжаць нашы рынкі газу, рабіць адзіны рынак або агульны рынак газу", — цытуе Казака ТАСС.
Намеснік старшыні ўраду Расіі таксама спадзяецца, што рашэнне знойдзецца ў найбліжэйшы час.
28 чэрвеня кіраўнік "Газпрама" Аляксей Мілер паведаміў, што перамовы з Беларуссю аб падаўжэнні кантракту на пастаўку газу пасля 2019 года пакуль не пачыналіся. Аднак кампанія ўжо атрымала ад беларускага боку "першыя прапановы" і разглядае іх.
Сёлета выбягае дзеянне патаколу аб коштах на газ, які Беларусь і Расія заключылі ў 2017 годзе. Афіцыйны Мінск настойвае на тым, што кошт на газ як для Смаленскай вобласці Расіі будзе справядлівы для беларускіх спажыўцоў.
На сёння Беларусь набывае ў Расіі газ па 127 доллараў за тысячу кубаметраў, а ў Смаленскай вобласці ён каштуе 70 долараў.