Куля — за выкінутае смецце: што адбываецца ў М'янме
Жыхары выкарыстоўваюць смецце, каб блакаваць вуліцы ў якасці формы пратэсту ў пасёлку Такета, Янгон, М'янма / Reuters
Дарогі ў Янгоне, сталіцы і самым вялікім горадзе М'янмы, цяпер заваленыя смеццем — гэта новая форма барацьбы супраць вайсковага перавароту, піша "Новая газета". 1 лютага ў гэтай небагатай краіне ў Паўднёва-Усходняй Азіі камандаванне ўзброеных сіл зладзіла пераварот. Жыхары мегаполіса з насельніцтвам больш за 7 мільёнаў чалавек спрабуюць такім нестандартным спосабам выказаць пратэст супраць дзеянняў генералаў. Гараджане перакульваюць скрыні, выкідаюць на маставыя ўсялякі хлам, а муніцыпальныя службы яго не прыбіраюць у рамках кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання.
Зрэшты, за такія пратэсты ў М'янме цяпер можна проста атрымаць кулю: вайскоўцы і паліцыя лёгка адкрываюць стральбу па ўдзельніках бесперапынных дэманстрацый пратэсту. Паводле звестак ААН, па стане на 31 сакавіка забіта ўжо больш за 520 чалавек, сярод іх ёсць дзеці — яны часцей за ўсё становяцца ахвярамі шалёных куль.
М'янму колькі часу таму ўзрушыла гісторыя сямігадовай дзяўчынкі, якую, як паведаміла мясцовая анлайн-прэса, застрэлілі ў Мандалаі — другім па велічыні горадзе краіны. У яе дом уварваліся вайскоўцы ў пошуках удзельнікаў пратэсту. Яны пачалі бязладную стральбу, куля трапіла ў жывот дзяўчынцы, якая сядзела на каленях у бацькі. Яна памерла хутка, яе бацька паранены. Брата забітай ваенныя збілі прыкладамі і пацягнулі з сабой.
Генералы гавораць пра падтасоўкі
М'янма (Бірма) пасля атрымання ў 1948 годзе незалежнасці ад Брытаніі ў асноўным знаходзілася пад уладай ваеннага камандавання, якое без ваганняў душыла барацьбу за ўсталяванне цывільнага кіравання — нават шляхам немалой крыві. У 2011 годзе пад ціскам шматгадовых эканамічных санкцый з боку Захаду генералы пагадзіліся на правядзенне свабодных выбараў. На іх перамаглі прыхільнікі Аун Сан Су Чжы — дачкі легендарнага змагара за незалежнасць краіны і заснавальніка яе ўзброеных сіл генерала Аун Сана, куміра вайскоўцаў. Што не перашкодзіла ім 20 гадоў трымаць гэту жанчыну пад хатнім арыштам, нягледзячы на прысуджэнне ёй Нобелеўскай прэміі міру.
Новай грамадзянскай адміністрацыі М'янмы даводзілася лавіраваць і ісці на кампрамісы: генералы захоўвалі велізарныя паўнамоцтвы. Узброеныя сілы маюць асаблівы статус у краіне, ён замацаваны ў Канстытуцыі, вайскоўцы маюць асобную дэпутацкую квоту ў парламенце, яны кантралююць немалую частку эканомікі. Аднак на апошніх усеагульных выбарах у мінулым лістападзе Нацыянальная ліга за дэмакратыю Аун Сан Су Чжы атрымала яшчэ больш гучную перамогу. Яе прыхільнікі атрымалі трывалы кантроль над парламентам і набылі рэальную магчымасць перагледзець Канстытуцыю, выкінуўшы адтуль пункты аб асаблівых правах вайскоўцаў. Часткай плана, як мяркуюць, павінна была стаць і ліквідацыя вельмі амбіцыйнага камандуючага ўзброенымі сіламі, старшага генерала Мін Аун Хлайна, які па ўзросце быў абавязаны пайсці на пенсію.
Менавіта гэта, мяркуючы па ўсім, і падштурхнула вайскоўцаў на пераварот уночы на 1 лютага, калі павінна была пачацца праца новага складу парламента і фармаванне ўрада. Аун Сан Су Чжы і іншыя кіраўнікі цывільнай улады былі арыштаваныя, многім прад'яўленыя абвінавачанні ў карупцыі і парушэнні санітарнага рэжыму — маўляў, вялі сваю выбарчую кампанію, ігнаруючы пагрозу распаўсюджвання каранавіруса. Генералы лічаць, што выбары ў лістападзе прайшлі з падтасоўкамі. Цяпер яны абяцаюць навесці ў краіне парадак і правесці калі-небудзь новыя выбары — тэрміны не ўдакладняюцца.
Тэкстыль і рубіны пад забаронай
Масавыя дэманстрацыі супраць перавароту пачаліся 6 лютага і ідуць з тых часоў практычна штодня ва ўсёй краіне. Спачатку вайскоўцы не стралялі, але потым страляніна на вуліцах стала нормай, дасягнуўшы піку ў "крывавую суботу" 27 сакавіка, калі войска адзначала Дзень узброеных сіл. За суткі да яго "ваенныя ўлады звярнуліся да насельніцтва праз нацыянальнае тэлебачанне з неймаверным па шчырасці папярэджаннем: той, хто паспрабуе сапсаваць урачыстасць, рызыкуе атрымаць кулю ў галаву".
Пагрозы не спрацавалі — вуліцы гарадоў М'янмы зноў ускіпелі дэманстрацыямі пад гукі стрэлаў. Было забіта, па звестках мясцовага друку, 114 чалавек, уключаючы па меншай меры шасцярых дзяцей.
Захад рэагуе на гэта санкцыямі, якія паступова ўзмацняюцца. Спачатку ЗША, Еўрасаюз, Брытанія і Канада ўвялі стандартныя абмежавальныя меры ў дачыненні да дзесяці завадатараў перавароту. Але стральба і праліццё крыві не спыняліся, і Вашынгтон пайшоў далей — забараніў свайму бізнесу аперацыі з двума холдынгамі, праз якія вайскоўцы ў М'янме кантралююць 150 ключавых кампаній у краіне, якія забяспечваюць вялікі аб'ём экспартнай выручкі за кошт паставак за мяжу таннага шырспажыву і каштоўных камянёў, уключаючы найлепшыя ў свеце рубіны. Байкот гэтых кампаній павінен ударыць па эканамічнай базе генералаў.
З санкцыямі ўсё няпроста
Услед за гэтым ЗША прыпынілі дзеянне гандлёва-эканамічнага пагаднення з М'янмай да аднаўлення там цывільнага кіравання. Неўзабаве чакаецца і пазбаўленне яе мытных ільгот пры пастаўцы тавараў у ЗША, у першую чаргу тэкстылю — асновы нацыянальнага экспарту.
Але з санкцыямі ўсё не так проста: пакуль да іх не спяшаюцца далучацца Еўрасаюз і Японія. Краіны ЕС бачаць масу выгад у эканамічных адносінах з краінай з насельніцтвам амаль 54 мільёны чалавек: гэта прынадны рынак і прывабная пляцоўка для інвестыцый з выкарыстаннем таннай рабочай сілы. Токіа таксама мае вельмі сур'ёзныя інтарэсы ў М'янме, ён дае ёй буйную дапамогу на інфраструктурныя праекты, уключаючы будаўніцтва чыгункі паміж найбуйнейшымі гарадамі і сістэмы сучаснай каналізацыі. Японцы да таго ж вельмі асцерагаюцца, што ў выпадку іх адыходу М'янма апынецца цалкам у руках Пекіна, у якога ў гэтай краіне магутныя эканамічныя пазіцыі.
Тым часам пасля перавароту ў М'янме, па звестках замежных журналістаў, якія там працуюць, прыкметна ўзмацніліся антыкітайскія настроі: удзельнікі руху пратэсту лічаць, што за спінай генералаў стаіць КНР. Пекін сапраўды ўхіляецца ад рэзкага асуджэння рэпрэсій у гэтай краіне, заяўляе пра неўмяшанне ў яе справы, хоць і згаджаецца на калектыўныя заявы сябраў Савета Бяспекі ААН з выражэннем заклапочанасці. У той жа час Кітай, трэба меркаваць, не падтрымае ўвядзення міжнародных санкцый у дачыненні да арганізатараў перавароту. М'янма для КНР мае асаблівае значэнне: гэта сухапутны калідор, праз які Кітай атрымлівае стратэгічна важны для яго просты выхад да Індыйскага акіяна, Паднябесная будуе там сетку жалезных і аўтамабільных трас ад сваёй мяжы да ўзбярэжжа.
Масква выказвае занепакоенасць
Масква таксама мае свае адносіны з М'янмай яшчэ з далёкіх савецкіх часоў, калі вайскоўцы там нават парываліся будаваць сацыялізм. Вось і гэтым разам на святкаванні Дня ўзброеных сіл 27 сакавіка ў гэтай краіне прысутнічала дэлегацыя Міністэрства абароны Расіі на чале з намеснікам міністра генерал-палкоўнікам Аляксандрам Фаміным, а на парадзе з такой нагоды прайшлі расійскія танкі Т-72, бронемашыны, у небе з'явіліся МіГ-29, Як-130, верталёты Мі-24, Мі-35, Мі-17.
Зрэшты, ужо пасля гэтых урачыстасцяў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў пра занепакоенасць вялікай колькасцю ахвяр у М'янме, хоць і адзначыў "даўнія і досыць канструктыўныя сувязі" з гэтай краінай. Па словах прэс-сакратара, іх наяўнасць "не азначае, вядома, ухвалення тых трагічных падзей", якія адбываюцца там пасля адхілення цывільнага ўрада.
Генерал Фамін, дарэчы, на парадзе быў не ў адзіноце: побач з ім знаходзіліся прадстаўнікі не толькі Кітая, але і В'етнама, Індыі, Пакістана, Тайланда, Лаоса і Бангладэш. У кожнай з гэтых краін ёсць свае прычыны падтрымліваць дыялог з уладамі М'янмы. Індыя і В'етнам, напрыклад, як і Японія, не хацелі б аднабаковага ўзмацнення ўплыву Пекіна ў гэтым рэгіёне. Ну а ў Тайландзе ва ўладзе таксама знаходзяцца вайскоўцы, якія сутыкаюцца з падобнай праблемай дастаткова актыўнага грамадзянскага супраціву.
Тым часам сітуацыя ў М'янме ўскладняецца: да падтрымкі руху пратэсту ўсё больш актыўна схіляюцца магутныя нацыянальныя меншасці краіны, і некаторыя з іх маюць нядрэнна навучаныя ўзброеныя фармаванні.
У адказ ваенныя ўлады днямі бамбавалі тэрыторыі пражывання нацменшасцяў з паветра, адтуль хлынулі тысячы ўцекачоў, у прыватнасці ў суседні Тайланд. Адміністрацыя фактычна аўтаномных нацыянальных раёнаў цалкам можа даць на гэта ўзброены адказ — у тым ліку ў хаўрусе з іншымі сапернікамі перавароту. І гэта, як ужо папярэдзіла спецпасланнік кіраўніка ААН па М'янме Крысцін Шранэр Бургенэр, стварае рэальную пагрозу грамадзянскай вайны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.