Латвія перадала запрашэнні на Рыжскі саміт чальцам Усходняга партнёрства

Афіцыйныя запрашэнні на саміт Усходняга партнёрства перададзеныя 28 красавіка кіраўнікам дыпламатычных місій Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны ў Рызе. Іх перадаў дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс, перадае БелаПАН.

Саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Рызе 21-22 траўня. Афіцыйныя запрашэнні краінам — удзельніцам ініцыятывы падпісалі старшыня Еўрасавета Дональд Туск, старшыня Еўракамісіі Жан Клод Юнкер і прэм'ер-міністр Латвіі Лаймдота Страўюма.

Плануецца, што ў Рызе будзе абмяркоўвацца развіццё палітыкі Усходняга партнёрства і супрацоўніцтва паміж ЕС і дзяржавамі-партнёрамі УП у рамках двухбаковага і шматбаковага ўзаемадзеяння.

Нагадаем, што першы саміт Усходняга партнёрства адбыўся ў 2009 годзе ў Празе (Чэхія), другі — у 2011 годзе ў Варшаве (Польшча), трэці — у 2013 годзе ў Вільні (Літва).

Запрашэнні на саміт падаюцца на краіну, а не на канкрэтнага прадстаўніка. Таму пакуль што невядома, хто будзе прадстаўляць Беларусь на гэтым мерапрыемстве. Аляксандр Лукашэнка, унесены ў "чорны спіс" ЕС, не наведаў яшчэ ні адзін саміт УП. Аналітыкі мяркуюць, што і на Рыжскі саміт кіраўнік Беларусі не паедзе, бо Расія заявіла пра "антырасійскі характар" будучай сустрэчы.

Фота — apollo.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі