Лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” са скандалам сышоў з філармоніі

Легендарны беларускі харэограф і кіраўнік гурта сучаснай харэаграфіі “ТАД” Зміцер Куракулаў сышоў з гродзенскай абласной філармоніі, пратэстуючы супраць яе кіраўніцтва. Заяву на звальненне ён напісаў яшчэ на пачатку кастрычніка.

“У сувязі з несумяшчальнасцю маіх маральных уяўленняў з уяўленнямі цяперашняй адміністрацыі філармоніі, а таксама ў сувязі з татальным знішчэннем брэнда “ТАД””, — такім чынам уладальнік прэміі “За духоўнае адраджэнне” і лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў тлумачыць свой учынак. У адказ харэограф мусіць цягам 3-х дзён пакінуць службовую кватэру.

Прыхільнікі творчасці Куракулава стварылі адмысловую старонку на гродзенскім форуме, дзе пішуць словы падтрымкі і патрабуюць вярнуць харэографа на працоўнае месца. За сітуацыяй сочыць уся харэаграфічная супольнасць Беларусі.

"Гэта наша легенда. Гэта харэограф, які першы стварыў прафесійную трупу пры філармоніі па сучасным танцы. І трупа гэта існуе 20 гадоў. Ён аддаў усё сваёй справе. То бок, ён першапраходзец, за ім пайшлі ўсе іншыя. "ТАД" — гэта наш беларускі брэнд, такі ж, як "Харошкі", як "Песняры". Таму дазволіць зруйнаваць гэты брэнд проста нельга, на гэтай базе ці на іншай. То бок, нікому не дазволена руйнаваць легенды", — абураецца загадчыца кафедры харэаграфіі Універсітэта культуры, прафесар Святлана Гуткоўская.

Калектыў сучаснай харэаграфіі "ТАД" працуе ў Гродзенскай філармоніі з 1995 года. Два гады таму ва ўстанове змяніўся дырэктар. Тады ж, кажа Дзмітрый, яму і прапанавалі вызваліць месца кіраўніка "ТАД".

"Прычына канфлікту заключаецца ў тым, што філармонія змяніла свой курс. Яна перабудоўваецца. Там будзе 5 рэстаранаў. Яе новы лозунг — “Мастацтва мусіць павышаць апетыт”. І курс узяты на ўсё папсовае, народнае, а-ля "Золотое кольцо". Таму яны вырашылі, што ім такі калектыў не патрэбны, хаця, мы там працавалі 20 гадоў і ўвесь час былі патрэбныя. І прапанавалі мне яшчэ 2 гады таму збіраць рэчы і з'ехаць. Я не сабраў рэчы. Працягнуў працу. Яны пачалі палітыку знішчэння", — распавядае Зміцер Куракулаў.

Па яго словах, цягам двух гадоў "ТАДу" ставілі палкі ў колы: забаранілі назву, замест якой узнікла абстрактнае “Тэатр танца”, забаранілі займацца сучаснай харэаграфіяй, зрывалі рэпетыцыі, аб'яўлялі рэпертуар нерэнтабельным і ўвогуле стваралі ўмовы, каб працаваць было немагчыма.

"У Гродна была акцыя "Гродна, які танцуе", — прыводзіць прыклад Зміцер. — І ўсе танцавальныя калектывы выходзілі на вуліцы танцаваць. І мы, натуральна, танцавалі балет, які называўся "Танец Гродна". І пасля гэтага артысты пісалі тлумачальныя, чаму яны ўдзельнічалі і навошта. А я адказваў на фармулёўку "Якое права я меў ставіць балет у працоўны час". Хоць мой працоўны час і прадугледжвае пастаноўкі балетаў. “З ім час заканчваць”, — гэта размова нашага дырэктара з мастацкім кіраўніком пры мне".

Сітуацыя, якая склалася вакол “ТАДа”, безумоўна, дайшла да мясцовых уладаў, якія лічаць, што горад, апроч народных танцавальных калектываў, усё ж мусіць мець гурт сучаснага танца. Трохбаковыя перамовы ў абласным упраўленні культуры пакуль плёну не даюць.

Дырэктар філармоніі Таццяна Уласенка называе Змітра Куракулава сваім сябрам і кажа, што ён звольнены па пагадненні бакоў:

“Магу сказаць, што ніколі ў яго не было вымоваў, ён атрымліваў прэмію, працаваў. Але чалавек вольны. А тое, што жоўтая прэса піша ці яшчэ нехта… У мяне ёсць дакументы, іх шмат, рознага кшталту. Калі будзе трэба, я іх апублікую. Але я не вораг Дзмітрыю Сяргеевічу, больш за тое, мы сябруем. Я яго лічу для сябе вельмі блізкім чалавекам. Але кожны ж мае права выбіраць. Так што нічога не адбылося. Чалавек прыняў рашэнне сысці з працы па пагадненні бакоў. Пры ўсім пры тым, што я не была гатовая да таго, што Дзмітрый Сяргеевіч захоча сысці. Мы ў добрых стасунках. Пры сустрэчы заўсёды абдымалі адно аднаго. Для мяне гэта вельмі сумна”.

Праўда, браць назад на працу Змітра, які спадзеючыся на падтрымку мясцовых уладаў усё ж вырашыў вярнуцца пад родны дах, Таццяна Уласенка не збіраецца: яна чакае не ліста з заявай аб прыёме на працу, які прыйшоў ад Куракулава, а асабістага прыходу з заявай, згодна з заканадаўствам. Пакуль жа, сцвярджае дырэктар, Зміцер заходзіць да яе толькі на каву.

У Гродзенскім абласным упраўленні культуры Еўрарадыё супакойваюць і кажуць, што таксама чакаюць заяву Куракулава.

“ТАД” як працаваў, так і працуе, людзі як займаліся, так і займаюцца. І ніякіх там праблем няма, — кажа Павел Скрабко, старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і культуры. — У мяне быў “ТАД” у поўным складзе. У мяне быў Дзмітрый Куракулаў. Мы ўсё ім растлумачылі: на базе філармоніі стварылі “Тэатр танца”, то бок, пашырылі функцыі і межы. Але, паверце, ніхто “ТАД” не зачыняў, не зачыняе і зачыняць не будзе!”

Тым не менш, трупа Змітра Куракулава, афіцыйна ўладкаваная ў філармоніі, застаецца без ідэйнага кіраўніка. Танцоўшчыкі, кажа Зміцер, знаходзяцца ў падвешаным стане амаль месяц. З дзевяці чалавек двое ўжо звольніліся і пайшлі сваёй дарогай. Сам харэограф пракансультаваўся з юрыстамі і пакуль жыве ў сваёй службовай кватэры, працуючы выкладчыкам Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Фота: http://bomba.by,

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі