Лаўрэата дзяржпрэміі аднавілі на працы, але яго пастаноўкі не прапускаюць

Лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне" Зміцер Куракулаў пасля шуміхі ў прэсе і разборак у выканкамах вярнуўся на працу ў Гродзенскую абласную філармонію. Аднак, сцвярджае харэограф і кіраўнік гурта сучаснай харэаграфіі “ТАД”, яму па-ранейшаму перашкаджае працаваць адміністрацыя ўстановы.

"Мы з "ТАДам" зрабілі новую праграму пад назвай "Мы нараджаемся на свет" і паказалі яе 15 студзеня на мастацкай радзе, — апісвае цяперашнюю сітуацыю лаўрэат міжнародных конкурсаў Зміцер Куракулаў. На мастацкую раду адміністрацыя філармоніі дэманстратыўна не прыйшла. Тады мы перанеслі раду на 20-га. У выніку рада адбылася. Мы запрасілі і гледачоў, каб і яны гэта паглядзелі, бо разумеем, што філармонія мае пэўныя погляды, і як заўсёды не дасць нам нічога паказаць. Гледачы праграму ўспрынялі цудоўна, мастацкая рада, у якой няма ніводнага харэографа, праграму не прыняла. Нашы нумары забаранілі, хаця, літаральна ўчора на сходзе мастацкіх кіраўнікоў сказалі, што па плане мы мусім даваць 10 канцэртаў на месяц і 109 канцэртаў на год. І чаму нам тады забараняюць паказваюць сваю праграму? Карацей, робяць усё, каб мы разбегліся".

Па словах дырэктара Гродзенскай філармоніі Таццяны Уласенка, на мастацкай радзе, якую, між іншым, прызначыць можа толькі яна, прысутнічалі кіраўнікі вядучых калектываў Гродна і прадстаўнікі абласнога ўпраўлення культуры. Уласенка абвяргае словы Куракулава пра новую пастаноўку і кажа, што харэограф перажывае творчы крызіс, але не хоча гэта прызнаваць:

“Упершыню чую, каб ён прадставіў новую праграму. Ён узнаўляў старыя нумары, якім па 8-12 гадоў, выдаючы іх за новыя. Ён падмануў. Я назіраю цяпер за яго працай — мусіць быць вынік. Вось на сёння я выніку не бачу. Навошта ўзнаўляць старыя нумары? Натуральна, што калі нешта не атрымліваецца, кожны мае права спрабаваць яшчэ, гэта як у Макарэвіча: “я ў соты раз ізноў пачну спачатку”. Я не жадаю яму зла, і няхай ён спрабуе ўсё пачаць спачатку. Але ёсць такое паняцце — творчы крызіс. Ну не “каціць” яму цяпер, не “каціць”. Ну што рабіць?”.

У кастрычніку 2014 года кіраўнік гурта сучаснай харэаграфіі “ТАД” сышоў з Гродзенскай філармоніі “у сувязі з несумяшчальнасцю яго маральных уяўленняў з уяўленнямі цяперашняй адміністрацыі і ў сувязі з татальным знішчэннем брэнда “ТАД”. Куракулаву тады не спадабалася, што яго калектыў стаў часткай Тэатра танца філармоніі і цяпер афіцыйна мусіць працаваць у розных жанрах: рыхтаваць фальклорныя нумары, выконваць лацінаамерыканскія і спартыўныя танцы, пастаноўкі мюзіклаў, то бок, прыносіць грошы установе. Але, сцвярджае Куракулаў, усе 20 гадоў працы ў філармоніі "ТАД" і без Тэатра танца выдатна сумяшчаў уласныя пастаноўкі з тым, што было патрэбнае ўстанове.

Таццяна Уласенка ў сваю чаргу запэўнівае, што менавіта пад Куракулава і “ТАД” ствараўся Тэатр танца, каб ён мог праявіць сябе ў розных жанрах, а не толькі ў сучаснай харэаграфіі, пад якой у наш час часта хаваецца “катастрафічны стан танца, бо цяпер ні бальнікаў не знойдзеш, ні народнікаў, ні якаснай сучаснай харэаграфіі”. А ў выніку, кажа дырэктар, дзякуючы Куракулаву ў філармоніі ўвогуле няма харэаграфіі, як і тэатра “ТАД”, які з 2011 года амаль не існуе, бо ад Змітра масава сыходзяць танцоры, і ў філармоніі з-за гэтага цякучка кадраў.

Нагадаем, пасля таго, як у кастрычніку ў справу "Куракулаў-філармонія" умяшаўся кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў, Зміцер вярнуўся на сваю былую пасаду мастацкага кіраўніка гурта "ТАД". Праўда, нібыта часова, бо разглядалася магчымасць перавесці гурт сучаснай харэаграфіі пад дах іншай культурнай установы. Але, кажа харэограф, гэта апынулася немагчымым, маўляў, "адміністрацыя філармоніі не аддае стаўкі, якія былі вылучаныя на "ТАД" яшчэ ў 1995 годзе".

Таццяна Уласенка ў сваю чаргу сцвярджае, што ніякія “стаўкі” тут не пры чым. Проста з Куракулавым ніхто з гродзенскіх калектываў не хоча звязвацца з-за яго цяжкага характару.

"Натуральна, што мы займаемся сваёй праграмай, — працягвае Зміцер Куракулаў.Цяпер "разводзім" балет "Поры года" і, спадзяюся, што ўсё ж недзе яго пакажам. Я разумею, што больш пытацца ў філармоніі, можна гэта паказваць ці не, няма сэнсу. Мы проста будзем гэта паказваць. Але, як бачыце, усё застаецца на сваіх месцах. Знішчэнне працягваецца", — адзначае лаўрэат міжнародных конкурсаў і пачынальнік сучаснага танца ў Беларусі, які, нягледзячы на відавочны канфлікт, трымаецца за працу ў філармоніі, хоць, кажа, што мае некалькі прапановаў новай працы.

Фота: bomba.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі