Libereco: 2 траціны рэкламных ролікаў на дзяржТБ прыпадае на заходнія кампаніі

Рэклама на ТБ / marketing.by
Рэклама на ТБ / marketing.by

З 874 рэкламных ролікаў на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах амаль дзве траціны (63 адсоткі) належаць заходнім кампаніям. Рэкламу на "Беларусь 1", АНТ і СТБ купляюць такія карпарацыі, як Nestlé, Mars, Henkel, Coca-Cola, Pepsi і іншыя.

Расказваем падрабязней пра даследаванне нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco.

У лідарах — ЗША
 

— Рэпрэсіі супраць Беларусі працягваюцца з поўнай жорсткасцю, гэта ясна далі зразумець меркаванае забойства актывіста Віталя Шышова і замах на выкраданне спартсменкі Крысціны Ціманоўскай. Таму нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя патрабуе: заходнія кампаніі павінны неадкладна спыніць сваю фінансавую падтрымку прапагандысцкага тэлебачання дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, — піша Libereco.

Арганізацыя на працягу тыдня, з 12 да 18 ліпеня з 19.00 да 22.00, ацэньвала рэкламу на трох дзяржаўных тэлеканалах — "Беларусь 1", АНТ і СТБ. Лідарамі па продажы рэкламы беларускаму тэлебачанню сталі амерыканскія кампаніі з агульнай доляй 32 адсоткі.

— Procter & Gamble (100, ЗША) і Nestlé (79, Швейцарыя), Mars (44, ЗША), Henkel (43, Германія), Colgate-Palmolive (37, ЗША), Sandoz (35, Швейцарыя), Coca-Cola (35, ЗША), PepsiCo (33, ЗША), Dr. Theiss Naturwaren (32, Германія) і Mondelez International (29, ЗША).

Яшчэ 82 рэкламныя ролікі трансляваліся наступнымі заходнімі кампаніямі: Carlsberg (Данія), L'Oréal і Sanofi (Францыя), Dolorgiet (Германія), GlaxoSmithKline (Вялікабрытанія), Sniezka (Польшча) і Gedeon Richter (Венгрыя), — пералічвае вынікі даследавання арганізацыя.

Libereco: две трети рекламных роликов на госТВ приходится на западные компании
Інфаграфіка: рэклама на беларускім ТБ / Libereco

Nestle была паінфармаваная пра сітуацыю ў Беларусі
 

Праваабаронцы нагадваюць заходнім кампаніям пра больш як 40 000 арыштаў за апошні год і 600 палітычных зняволеных у Беларусі.

— Тое, што сусветныя брэнды, такія як Procter & Gamble, Mars, Henkel, Coca-Cola або PepsiCo, па-ранейшаму і ў значнай ступені рэкламуюць прадукцыю на прапагандысцкіх каналах дыктатара, — гэта скандал. Кампаніі, відавочна, клапоцяцца толькі пра свой прыбытак, катастрафічнае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі іх зусім не хвалюе. Гэта маральнае банкруцтва, — кажа старшыня Libereco у Германіі Марка Фібер.

Прэзідэнт Libereco Ларс Бюнгер падкрэслівае, што Nestle "была ўсебакова паінфармаваная ў асабістай гутарцы ў пачатку ліпеня пра становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі". Праваабаронцы чакаюць публічнай заявы пра спыненне рэкламы ў дзяржаўных беларускіх СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі