Логвінаў атрымае правы на публікацыю па-беларуску твораў Алексіевіч бясплатна
Выдавец Ігар Логвінаў атрымае правы на публікацыю па-беларуску твораў Святланы Алексіевіч бясплатна. Пра гэта кіраўнік выдавецтва, якое плануе выдаць поўны збор твораў нобелеўскай лаўрэаткі ў перакладзе на беларускую мову, паведаміў 15 лістапада ў жывым эфіры Еўрарадыё.
Логвінаў: "У Святланы засталіся правы на распаўсюд у Беларусі. Яна нам гэтыя правы прадастаўляе бясплатна".
Як паведамляла Еўрарадыё, у зборы будзе пяць тамоў. Перакладам твораў зоймуцца пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, публіцыст Сяргей Дубавец, філосаф Валянцін Акудовіч і пісьменнік Барыс Пятровіч. Па словах Ігара Логвінава, пісьменніца рабіла змены ў сваіх колішніх творах, да таго ж у савецкія часы існавала цэнзура. Новыя пераклады гэта ўсё ўлічаць, яны будуць "больш сучасныя і актуальныя". Выдавец кажа, што пакуль сродкі ўдалося знайсці на пераклад і падрыхтоўку выдання.