Лукашэнка даручыў Дзевятоўскаму глыбока вывучыць праблемы лёгкай атлетыкі
"Дэпутацкая праца вельмі важная і адказная, але мне здаецца, што ты недагружаны", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
1 верасня прайшла рабочая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са сваім памочнікам па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму Максімам Рыжанковым і з намеснікам старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і маладзёжнай палітыкі Вадзімам Дзевятоўскім.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Дзевятоўскаму (не толькі дэпутату, але і спартсмену) ушчыльную заняцца пытаннямі павышэння эфектыўнасці ў беларускай лёгкай атлетыцы. Таксама яму давядзецца вывучыць усе праблемныя моманты як на ўзроўні нацыянальнай каманды, так і ў дзіцяча-юнацкім спорце, інфраструктуры, з улікам летніх Алімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанейра.
"Дэпутацкая праца вельмі важная і адказная, але мне здаецца, што ты недагружаны", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго не задавольвае праца кіраўніцтва спартыўнай галіны.
"Трэба зубамі чапляцца і вяртаць сабе лідыруючыя пазіцыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гэта можам зрабіць. Мы гатовыя ўсяляк дапамагаць лёгкай атлетыцы. І самае галоўнае — там патрэбен вызвалены чалавек, які ведае знутры ўсю гэтую кухню з усімі хітраспляценнямі. І патрэбен чалавек, надзелены уладай".
Нагадаем, што Вадзім Дзевятоўскі разглядаецца як кандыдат на пасаду старшыні федэрацыі хакея. Пакуль невядома, ці азначае даручэнне Лукашэнкі, што ён здыме сваю кандыдатуру.
Фота — ria.ru