Парашэнка прапанаваў Лукашэнку падтрымку ў развіцці адносін з ЕС
Таксама ўкраінскі прэзідэнт прапанаваў трансляваць у Беларусі адзін з украінскіх тэлеканалаў.
У нядзелю, 21 снежня, адбыўся аднадзённы рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну. У Кіеве кіраўнік Беларусі правёў перамовы з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам (спачатку ў вузкім складзе, пасля — ў пашыраным).
Лукашэнка гаварыў, што Беларусь гатовая і далей прадастаўляць "мінскую пляцоўку" для правядзення перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Акрамя таго, ён выказаў гатоўнасць дапамагаць Украіне. "Я вам сказаў: мы штосьці зможам для вас зрабіць, патэлефануйце, скажыце, што вось гэта і гэта трэба зрабіць, трэба падключыцца да таго, іншага працэсу. І я вам проста гарантую: калі вы прымеце рашэнне, як вы ўжо заявілі, працягнуць дыялог у Мінску, трэба будзе на мінскай пляцоўцы штосьці абмеркаваць, вы ведаеце, што ў вас там ёсць сябры і мы заўсёды гатовыя выканаць любое вашае даручэнне", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.
Парашэнка падзякаваў за магчымасць арганізаваць дыялог у Мінску. Ён заявіў, што разлічвае на аднаўленне інтэнсіўнасці мінскіх перамоваў. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што "сёння ў гісторыю дыпламатыі ўвайшлі тэрміны "мінскі фармат", "мінскі мемарандум", "мінскі пратакол" і "мінскія дамоўленасці". Увесь свет сёння гаворыць, што яны з'яўляюцца асновай мірнага плана прэзідэнта Парашэнкі і асновай мірнага працэсу ва Украіне".
Пётр Парашэнка адзначыў, што нават у сённяшняй складанай сітуацыі падзення тавараабароту паміж Украінай і Беларуссю не адбылося, больш таго, заўважная тэндэнцыя да яго павелічэння. Гэта адзначыў і Лукашэнка: "У нас увогуле няма ні цэнта запазычанасці з боку Украіны. Цалкам стоадсоткава аплачаныя нашы кантракты з вамі".
Прэзідэнт Украіны прапанаваў Аляксандру Лукашэнку садзейнічанне ў развіцці адносінаў Беларусі з краінамі Еўрасаюза ў рамках "Усходняга партнёрства". Кіраўнікі Беларусі і Украіны дамовіліся пра стварэнне сумеснага беларуска-ўкраінскага тэлеканала. "Беларусы маюць права ведаць розныя кропкі гледжання, і было б някепска, каб адзін з інфармацыйных каналаў Украіны меў магчымасць транслявацца на тэрыторыі Беларусі", — сказаў Пётр Парашэнка. У бліжэйшы час будуць узгадняцца тэхнічныя дэталі.
"Хачу, каб ва Украіне было добра, і для мяне гэта не гульня", — сказаў Лукашэнка Парашэнку. Увечары 21 снежня кіраўнік Беларусі вярнуўся на радзіму.
Фота — Reuters, УНІАН