Лукашэнка і Пуцін наведалі новы будынак музея Вялікай Айчыннай вайны (фота)
Расійскі прэзідэнт прыляцеў у беларускую сталіцу ў другой палове дня 2 ліпеня. У аэрапорце яго сустракаў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Уладзімір Пуцін прыме ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 70-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці. Адразу ж ён прыехаў да абеліска "Мінск — горад-герой", дзе яго чакаў Аляксандр Лукашэнка. Яны ўсклалі кветкі да абеліска і пайшлі ў музей, дзе азнаёміліся з экспазіцыямі, пагаварылі з ветэранамі вайны, паведамляе БЕЛТА.
Пуцін правядзе перамовы з Лукашэнкам. Як інфармуе РІА "Новости", плануецца абмеркаваць "актуальныя пытанні шматпланавага расійска-беларускага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў інтэграцыйных аб'яднаннях".
Фота — БЕЛТА, kremlin.ru