Лукашэнка пазнаёміўся з развіццём сферы штучнага інтэлекту
Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з развіццём сферы штучнага інтэлекту, паведамляе яго прэс-служба. Беларускі кіраўнік па-ранейшаму знаходзіцца ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і правёў там чарговую сустрэчу. На гэты раз Лукашэнка паразмаўляў з дарадцам па нацыянальнай бяспецы ААЭ шэйхам Тахнунам бен Заідам аль-Нахаянам. Гаворка ішла пра сумесныя праекты, у тым ліку і звязаныя са штучным інтэлектам.
Аляксандр Лукашэнка раней ужо выказваўся на тэму робатаў і штучнага інтэлекту, яго ацэнка гэтых распрацовак вельмі асцярожная. Вось і на гэты раз ён сказаў наступнае: "Не ва ўсім зразумелы, не ўсім зразумелы, нават яго актыўныя прапагандысты і распрацоўшчыкі не ведаюць, да чаго ён у рэшце рэшт прывядзе". Пры гэтым Лукашэнка прызнае, што "ўвесь свет рухаецца ў гэтым накірунку", а Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ўкладаюць вялізныя сродкі з развіццё штучнага інтэлекту.
Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што згаданая сфера на сённяшні дзень "дастаткова закрытая" і ён падзякаваў уладам ААЭ за іх "найвышэйшую адкрытасць". Шэйх атрымаў у падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі копію Слуцкага пояса і беларускія прысмакі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.