Лукашэнка пра хакейнае "Дынама": Агідна глядзець на некаторыя гульні!
15 кастрычніка кіраўнік Беларусі правёў нараду, прысвечаную пытанням падрыхтоўкі і правядзення хакейнага чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску.
Старшыня Беларускай федэрацыі хакея Яўген Ворсін нагадаў, што ад чэрвеня зборнай кіруюць канадскі спецыяліст Глен Хэнлан і беларускія спецыялісты — Эдуард Занкавец і Алег Мікульчык. Ворсін адзначыў, што задача выхаду ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету 2014 года складаная, але рэальная.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў стварыць зборную Беларусі, у якую будуць адабраныя лепшыя гульцы.
Таксама на нарадзе Лукашэнка спыніўся на гульні ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі мінскага "Дынама". "Нам патрэбная гульня, а не боўтанне па хвалях: там выйгралі, там прайгралі, там крылы апусцілі, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Агідна глядзець часам на некаторыя гульні! Таму працуйце з камандай: не толькі з трэнерамі, але і гульцамі".
Таксама кіраўнік дзяржавы папярэдзіў спартыўных чыноўнікаў, што яны павінны навесці парадак у арганізацыі працы беларускіх хакейных клубаў. "Грошы павінны ісці тым, хто непасрэдна прыносіць карысць, хто змагаецца, хто скача, хто бегае", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.