Лукашэнка са скандалам звальняе чыноўнікаў (відэа)
Кіраўніка Міншчыны адправіў на "Барысаўдрэў", кіраўніку Адміністрацыі — вымова з апошнім папярэджаннем.
Скандальныя заявы прагучалі 8 лістапада на "Барысаўдрэве", куды прыехаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі адправіў у адстаўку намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура. Самому ж кіраўніку адміністрацыі Андрэю Кабякову абвешчаная строгая вымова з апошнім папярэджаннем.
"Адміністрацыя прэзідэнта: прыехалі сюды, як назіральнікі. Таму праект указу пра вызваленне Тура ад займанай пасады. Па Кабякову — строгая вымова з апошнім папярэджаннем", - перадае interfax.by словы Лукашэнкі.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы вызваліў ад пасады старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуру і старшыню канцэрна "Беллеспаперпрам" Аляксандра Пераслаўцава. Батуру ён загадаў накіраваць дырэктарам на "Барысаўдрэў": "Калі праз тры дні не выйдзе на працу, пачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут не справіцца да вясны — пачаць крымінальную справу". Старшыню канцэрна "Беллеспаперпрам" Пераслаўцава Лукашэнка зняў з пасады і прызначыў памочнікам Батуры на "Барысаўдрэў".
На гендырэктара барысаўскага будаўнічага трэста N21 Мікалая Бусалава, які займаўся мадэрнізацыяй прадпрыемства, Лукашэнка загадаў пачаць крымінальную справу па матэрыялах Камітэта дзяржаўнага кантролю і прыняць да расследавання. "Падпіска аб нявыездзе, вызваліць сёння ж ад займанай пасады. Тузанецца за межы Барысава — пасадзіць", — заявіў кіраўнік Беларусі.
Ён таксама запатрабаваў па кіраўніку праектнай арганізацыі прыняць такія ж рашэнні, як і па кіраўніку будаўнічай арганізацыі: "Падпіска пра нявыязд. Пачынайце крымінальную справу".
Фота — БЕЛТА