Маці ў дэкрэце нанесла "маральныя пакуты" АМАПаўцу і атрымала год "хіміі"
Кацярына Салевіч падчас суду 22 студзеня 2021 года / "Вясна"
22 студзеня Слонімскі суд прысудзіў мясцовую жыхарку Кацярыну Салевіч да года хатняй "хіміі" за абразу прадстаўніка ўлады, піша сайт праваабарончага цэнтра "Вясна" (арт. 369 КК. — рэд.).
Абражаным прадстаўніком улады апынуўся міліцыянт АМАП ГУУС Мінгарвыканкама старэйшы сяржант міліцыі СяргейАсколкаў. Яго фота і асабістыя дадзеныя Кацярына запосціла ў ТГ-канал "Слонім для жыцця" 25 жніўня. Следства сцвярджае, што іх дзяўчына пракаментавала "тэкстам абразлівага зместу, які зневажае гонар і годнасць Асколкава". Абвінавачаная не адмаўляла, што размясціла такі запіс у сетках і ў гэтай частцы прызнала віну. Але яна не згодная, што такім чынам распаўсюдзіла асабістыя дадзеныя АМАПаўца.
Падчас суду ісцец заяўляў хадайніцтва аб тым, каб суд быў закрытым, паколькі зноў баяўся распаўсюджвання асабістых дадзеных, але суддзя адхіліў яго просьбу. На працэсе міліцыянт заявіў, што ён і яго родныя перажылі сапраўдныя маральныя пакуты з-за дзеянняў Салевіч, таму ён патрабуе кампенсацыі ў 3000 рублёў. Гэтыя грошы ён збіраўся перавесці на рахунак "Дома малюткі".
Але атрымалася крыху па-іншаму. Салевіч абавязаная выплаціць пацярпеламу 1000 рублёў маральнай кампенсацыі і 87 рублёў дзяржпошліны. Кацярына мае маленькае дзіця і знаходзіцца ў дэкрэце. Пракурор прасіў для яе паўтара года хатняй "хіміі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.