Маці, якая збіла дзіця да смерці, знаходзіцца за кратамі
У адносінах 20-гадовай жыхаркі Брэста распачатая крымінальная справа, праводзіцца расследаванне.
Жанчына, якая жорстка збіла свайго 5-месячнага сына, у выніку чаго ён памёр у бальніцы, будзе знаходзіцца пад вартай. Як паведамляе Следчы камітэт, у 20-гадовай жыхаркі Брэста пацверджаная цяжарнасць ранняга тэрміну. Аднак "супрацьпаказанні для змяшчэння ў ізалятар часовага ўтрымання адсутнічалі", інфармуе БЕЛТА.
Нагадаем, 22 лістапада ў рэанімацыю брэсцкай бальніцы прывезлі 5-месячнага хлопчыка Сашу. Апоўначы яго збіла п'яная маці, сына ў жахлівым стане раніцай знайшоў бацька, які вярнуўся з начной змены. Ён выклікаў хуткую дапамогу. У хлопчыка выявілі чэрапна-мазгавую траўму, ушыб, ацёк і гематому галаўнога мозгу з кровазліццём, пералом пляча. 27 лістапада дзіця памерла ў бальніцы.
Маці хлопчыка кажа, што напярэдадні ўвечары выпівала. Калі сын уначы пачаў плакаць, яна стала біць яго далонню па твары, а потым кідала на канапу і ложак. Пасля гэтага жанчына легла спаць. Праваахоўнікі затрымалі жанчыну. У яе адносінах распачатая крымінальная справа па артыкуле "забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане".
Фота — Fotolia