Маладафронтаўца аштрафавалі на 510 рублёў за дзве кветкі да помніка Янку Купалу
Маладафронтаўца Максіма Урбановіча 27 верасня прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі і аштрафавалі на 510 рублёў. Такі прысуд вынес суддзя Цэнтральнага раённага суда Мінска Іван Касцян, перадае Радыё "Свабода".
Актывіст плануе абскарджваць пастанову, бо лічыць пакаранне незаконным, а міліцэйскі пратакол сфальшаваным: ні пікета, ні іншай акцыі маладафронтаўцы не ладзілі.
Сама падзея адбылася 25 жніўня — неафіцыйны дзень аднаўлення незалежнасці Беларусі. У той дзень чацвёра маладафронтаўцаў ладзілі роварны прабег праз Мінск у Курапаты.
"Спачатку наведалі Чырвоны касцёл і там правялі малітву за Беларусь, а адтуль даехалі на роварах да парку Янкі Купалы. Там усклалі кветкі і знічкі да помніка, сфатаграфавалаіся з бел-чырвона-белымі сцягамі і паехалі далей праз горад. Ехалі са сцягамі, нас ніхто не спыняў. І ў парку ў нас плакатаў не было, лозунгаў не выкрыквалі", — распавёў Урбановіч.
Міліцыянт Сяргей Астаф'еў, які быў сведкам на судзе, фактычна пацвердзіў, што маладафронтаўцы не ладзілі ні пікет, ні іншую масавую вулічную акцыю. Усе іх дзеянні доўжыліся не болей за 3-4 хвіліны. "Паклалі свечкі, дасталі сцягі і сфатаграфаваліся. Але дазволу на акцыю ад Мінгарвыканкаму не было", — заявіў на судзе міліцыянт.
Сведкам на працэсе выступаў брат Максіма, старшыня "Маладога фронту" Дзяніс Урбановіч. "Хіба на тое, каб сфатаграфавацца ля помніка, патрэбен дазвол Мінгарвыканкаму? Калі так, дык пакажыце мне такі закон", — звярнуўся ён да суддзі.
Дарэчы, самога Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава яшчэ чакаюць суды за ўскладанне кветак да помніка Янку Купалу. Чацвёртага ўдзельніка роварнага прабегу, школьніка Іларыёна Трусава судзіць не будуць — ён яшчэ непаўналетні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.