Марына Адамовіч: Група падтрымкі Статкевіча выступіць з агульнай заявай

Ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча не спыняе сваю дзейнасць. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё заявіла жонка палітыка Марына Адамовіч.

Па яе словах, прыхільнікі Статкевіча лічаць незаконным адмову ЦВК у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы і рашэнне Вярхоўнага суда, які адмовіўся разглядаць скаргу на гэтую адмову. Адамовіч звяртае ўвагу на тое, што згодна з з 68-м артыкулам Выбарчага кодэксу судзімасць не з'яўляецца падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. "Рэгістрацыя ініцыятыўнай групы і рэгістрацыя кандыдата — гэта розныя рэчы", — адзначае яна.

Па словах жонкі палітвязня, група падтрымкі Статкевіча не збіраецца самараспускацца і будзе надалей змагацца за вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў.

Еўрарадыё пацікавілася, ці будуць прыхільнікі Статкевіча падтрымліваць кагосьці з іншых дэмакратычных прэтэндэнтаў. На гэта Марына Адамовіч адказала, што пасля выходных павінна з'явіцца супольная заява групы на гэты конт.

Дарэчы, 23 ліпеня Мікола Статкевіч меў дзвюхгадзіннае спатканне з жонкай і даў ацэнку цяперашняй сітуацыі.

Адамовіч: "У пэўнай ступені ён лічыць удзел дэмакратычных сілаў у гэтай кампаніі ў нейкім іншым варыянце малаапраўданым. Таму што, з яго пункту гледжання, адзіная мэта ўдзелу ў выбарах — высвятленне парушэнняў заканадаўства і нейкія акцыі пратэсту супраць гэтых незаконных дзеянняў".

Калі ж апазіцыя не збіраецца супрацьстаяць незаконным дзеянням улады, то яе ўдзел у выбарчай кампаніі не мае сэнсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі