Мэр Мінска хоча знізіць кошты ў трох- і чатырохзоркавых гасцініцах
Андрэй Шорац здзіўлены, што на сённяшні дзень яны вышэйшыя, чым у гатэлях сталіц Польшчы, Літвы і Латвіі.
Задачу знізіць кошт пражывання ў трох- і чатырохзоркавых гасцініцах Мінска паставіў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. На аператыўнай нарадзе ў мэрыі ён звярнуў увагу на тое, што кошт пражывання ў мінскіх гасцініцах вышэйшы, чым у гатэлях Варшавы, Вільні і Рыгі. "І калі мы хочам прыцягнуць у наступным годзе ў сталіцу каля 200 тысяч турыстаў з рэгіёнаў, то неабходна папрацаваць у гэтым кірунку", — цытуе словы Шораца БЕЛТА.
Старшыня Мінгарвыканкама паставіў задачу "выпрацаваць адзіную палітыку па фармаванні цэнаў на гасцінічныя нумары".
Як заявіў начальнік Упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання Мінгарвыканкама Андрэй Новікаў, сталічныя гасцініцы восенню 2014-га выйшлі на рэнтабельны ўзровень работы і рыхтуюцца да навагодняга наплыву гасцей. Іх чакаецца да 6500 чалавек, паведамляе агенцтва "Мінск-навіны".
Адзначым, што на сённяшні дзень у Мінску функцыянуюць 44 гасцініцы на больш чым 9 тысяч месцаў.