Міхаіл Гарбачоў прапагандуе легенду, героем якой з’яўляецца Лукашэнка
“Адзіным чалавекам, які не падтрымаў Белавежскія пагадненні, быў Аляксандр Лукашэнка”, - пра гэта заявіў у інтэрв’ю расійскай “Родной газете” былы прэзідэнт Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў. Раней неаднаразова пра гэта заяўляў і сам Лукашэнка. Нібыта, падчас зацверджання Белавежскіх пагадненняў, якія падпісалі смяротны прысуд СССР, у Вярхоўным Савеце Беларусі супраць прагаласаваў толькі ён. Аднак даўно вядома, што гэта легенда.
Вось што распавёў “Еўрарадыё” Станіслаў Шушкевіч, у снежні 1991 года старшыня прэзідыюму Вярхоўнага Савету Беларусі:
“Лукашэнка не ўдзельнічаў у гэтым галасаванні. Адзін голас, сапраўды, быў супраць. Перакананы, што гэта быў голас Валерыя Ціхіні, былога старшыні Канстытуцыйнага суда, а яшчэ раней другога сакратара ЦК кампартыі Беларусі па ідэалогіі.
Абсалютна дакументальна пацвердждана, што не прымаў удзелу ў галасаванні Лукашэнка”.