Міхалевіч: Мая справа зайшла ўжо надта далёка

111013 Mikhalevi4_site.mp3

Еўрарадыё: Што пастанавіў чэшскі суд?

Алесь Міхалевіч: Чэшскі суд пастанавіў, што мяне выдаваць не будуць. Яны лічаць, што гэта парушыць правы чалавека, і таму Рэспубліцы Беларусь адмаўляюць у маёй выдачы.

Еўрарадыё: Вы бачылі гэты запыт? У ім беларускі бок абяцае не ўжываць супраць вас катаванняў і пасля адбывання пакарання адпусціць вас куды вы захочаце.

Алесь Міхалевіч: Так, я бачыў гэты дакумент. Выглядае так, што беларуская пракуратура вельмі спадзявалася, што мяне выдадуць, таму і просіць па-ўсякаму, слёзна: мы не будзем катаваць, мы пасля выпусцім, няхай толькі ён адсядзіць і будзе свабодны.

Еўрарадыё: Чаму супраць вас не спынілі крымінальную справу, як супраць іншых фігурантаў справы 19 снежня, нават тых, хто з'ехаў за мяжу?

Алесь Міхалевіч: Я думаю, што, па-першае, справа зайшла ўжо надта далёка. Калі Беларусь падае ў міжнародны вышук, то гэта сведчанне вельмі сур’ёзнага стаўлення. І дзяржава, і пракуратура абсалютна ўпэўненыя ў тым, што злачынства мной было здзейсненае. Адкатваць назад заўжды дастаткова цяжка. Цяжка было б патлумачыць, чаму спачатку былі ўпэўненыя ў тым, што гэта злачынства, а зараз раптам аказваецца, што не злачынства.

Еўрарадыё: Якой матывацыяй кіраваліся праваахоўныя органы Беларусі? Яны насамрэч былі ўпэўненыя, што Чэхія вас выдасць, ці проста ім трэба было паказаць актыўную працу?

Алесь Міхалевіч: Па-першае, яны павінны былі паказаць, што гэта сапраўды крымінальная справа, што гэта злачынства. Гэтую пазіцыю яны гатовыя адстойваць у любых судах і ўсялякімі спосабамі паказаць міжнароднай супольнасці. Мяне прыемна здзівіла ў чэшскім судзе, што 80 адсоткаў пытанняў тычыліся матэрыяльнай часткі справы – пашкоджанняў, нанесеных упраўленню справамі адміністрацыі прэзідэнта, разбітаму шклу, дзвярам і г.д. У справе фігуруе вельмі шмат нулёў і чэшская дзяржава не ведала, колькі насамрэч склалі матэрыяльныя страты. Калі яны даведаліся, што адразу гэта было ацэнена ў 200 тысяч даляраў, а пасля ў 5, то ўсе пытанні ў іх зніклі. Адзінае, што ў маёй справе чэшскі суд разглядаў як сур’ёзнае, гэта нанесеную матэрыяльную шкоду.

Еўрарадыё: А як выглядаў суд? Ці прадстаўляў хтосьці беларускі бок?

Алесь Міхалевіч: Быў прадстаўнік чэшскай пракуратуры, якая фактычна падавала ў суд. Было тры суддзі са старшынёй суда, я, мой абаронца і перакладчык. Беларускі бок быў прадстаўлены лістом і перададзенымі дакументамі.

Еўрарадыё: Ці паспелі вы ўжо азнаёміцца з папраўкамі ў закон у дачыненні дзейнасці спецслужбаў? Як вы можаце іх пракаментаваць?

Алесь Міхалевіч: Са свайго боку выкажу ўпэўненасць, што ўсе дзяржаўныя структуры і службы спрабуюць тое беззаконне, якое яны чыняць, прыкрыць законам. Але гэтая дзейнасць не стане законнай ад таго, што будуць прынятыя законы, якія парушаюць канстытуцыю, якія дазваляюць спецслужбам фактычна ўсё, нават забіваць людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі