Мікола Статкевіч рыхтуе ў турме кнігу “Шлях волі”
У кнігу ўвойдуць артыкулы палітыка, напісаныя раней і некаторыя лісты з-за кратаў.
Пра гэта Радыё Свабода паведаміла Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча. Паводле спадарыні Адамовіч, у апошнім лісце палітвязень нагадаў пра варты да ўключэння ў кнігу артыкул, які быў напісаны ў 2007 годзе.
“Артыкул называўся, здаецца, „Жорсткая какетка і прастак“. Гэта пра адносіны Еўропы з Беларуссю. Тады пачалася гэтак званая лібералізацыя і Мікола лічыць, што артыкул зноў набыў актуальнасць”, — сказала Марына Адамовіч.
Жонка палітвязня разам з яго сябрамі зараз шукае яго артыкулы ў друкаваным выглядзе па бібліятэках ды іншых крыніцах. Паводле Марыны Адамовіч, у кнігу будуць уключаныя і тыя развагі на актуальныя тэмы грамадска-палітычнага жыцця, якія Мікола дасылае ў сваіх лістах з магілёўскай турмы.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення за падзеі 19 снежня 2010 года.