Міліцыя распавяла, хто страляў каля "Гіпа" ва Уруччы
Здарэнне адбылося каля 22-й гадзіны ў панядзелак, 24 чэрвеня, на вуліцы Гарадзецкай у Мінску. Пацярпелы страціў прытомнасць.
Як вядома, спачатку ў СМІ з'явілася інфармацыя, што біліся футбольныя фанаты, была стральба з пнеўматычнага пісталета і ёсць ахвяры. Аднак неўзабаве сталічная міліцыя паведаміла, што звестак пра загінулых няма, гаворка ідзе толькі пра цялесныя пашкоджанні. Праводзілася праверка.
Увечары ў аўторак з'явілася афіцыйная інфармацыя: вядомыя імёны ўсіх удзельнікаў канфлікту, адзін з іх ужо затрыманы. Само здарэнне адбылося на аўтастаянцы. У мужчыну, жыхара гэтага раёна (1987 года нараджэння), стралялі з пнеўматычнага пісталета. У бальніцы яго агледзелі, канстатавалі наяўнасць траўмы твару і алкагольнае ап'яненне ды адпусцілі дахаты.
Пісаць заяву мужчына адмовіўся, патлумачыў, што яго раптоўна збілі трое невядомых маладых людзей. У гэты момант пацярпелы стаяў і курыў каля ўваходу ў краму. Падчас збіцця ён страціў прытомнасць і што было далей, не памятае. Сведкі кажуць, што чулі стрэлы з пнеўматычнага пісталета.
Паводле дадзеных міліцыі, зламыснікі могуць мець дачыненне да аднаго з "маладзёжных рухаў футбольных фанатаў".
Фота — onliner.by