Мінскае "Дынама" выйграла ў "Зальцбурга" ў плэй-оф Лігі Еўропы — 2:0(відэа)

20 жніўня ў Брэсце прайшоў першы матч плэй-оф футбольнай Лігі Еўропы мінскага "Дынама" і аўстрыйскага "Зальцбурга". Дынамаўцы выйгралі з лікам 2:0. Матч быў цяжкім для мінчукоў, якія гулялі "другім нумарам". Практычна ўвесь першы тайм мяч упарта не трымаўся ў гульцоў "Дынама", а вось госці гулялі больш зладжана і востра. Праўда, свае моманты не рэалізавалі (у браме надзейна гуляў Аляксандр Гутар), няўдала яны разыгрывалі і шматлікія кутнія ўдары.

У другім тайме гульня спачатку мала змянілася. Аднак на 53-й хвіліне на замену выйшаў Ненад Адамавіч і ўжо праз некалькі хвілін яго прастрэл завяршыў ударам галавой Глеб Расадкін. "Зальцбург" кінуўся адыгрывацца, а ў дынамаўцаў з'явілася больш шанцаў у контратаках. Ужо ў даданыя хвіліны выхад сам на сам не рэалізаваў Расадкін. Аднак неўзабаве забівае Адамавіч — 2:0! Мінчукі атрымалі цяжкую перамогу над моцным сапернікам.

"Дынама" выступала ў наступным складзе: Гутар, Бягуноў, Паліцевіч (капітан), Бангура, Вітус, Удоджы (Адамавіч, 53), Корзун, Карыцька, Някша (Мунір, 70), Бечырай, Расадкін (Варанкоў, 90).

Праз тыдзень (27 жніўня) каманды згуляюць у Аўстрыі. Пераможца па выніках двух матчаў выйдзе ў групавы раўнд Лігі Еўропы. Нагадаем, летась "Дынама" ўжо гуляла ў гэтым раўндзе еўракубка.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі