Мінскія таксоўцы абяцаюць не павышаць тарыфы падчас II Еўрапейскіх гульняў
Буйныя дыспетчарскія службы таксі Мінска падпісалі мемарандум, што не будуць павышаць тарыфы падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў. Пад дакументам паставілі свае подпісы таксама прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), Міністэрствам транспарту і камунікацый і Мінгарвыканкама, перадае БЕЛТА.
Тарыфы на таксоўкі, у тым ліку заказаныя праз мабільныя дадаткі, з 15 чэрвеня па 5 ліпеня 2019 года не будуць перавышаць узровень тых, што будуць дзейнічаць на 1 красавіка 2019-га.
Пад мемарандумам падпісаліся прадстаўнікі 14 дыспетчарскіх службаў Мінска. Як паведаміў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец, адна з найбуйнейшых кампаній пакуль не падтрымала дакумент. Чыноўнік дадаў, што далучыцца да мемарандума можна будзе ў любы час да пачатку II Еўрапейскіх гульняў.
Актуальны спіс дыспетчарскіх службаў таксі, якія падпісалі мемарандум, будзе размешчаны на сайце МАРГ. Тамсама будуць апублікаваныя ўмовы мемарандума.