Мінюст бліжэйшымі днямі паведаміць, ці зарэгістраваў партыю БХД (відэа)
Чыноўнікі абяцаюць даць адказ каля 18 жніўня.
Партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя 13 ліпеня правяла пяты ўстаноўчы з'езд і ў той жа дзень падала дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі.
У вызначаны законам месяц чыноўнікі Мінюста не далі адказу, таму сустаршыня аргкамітэту БХД Георгій Дзмітрук 14 жніўня затэлефанаваў намесніку начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Аляксею Печкурову. Ён паведаміў чыноўніку, што замест рэгістрацыі партыі чыноўнікі прымушаюць яе заснавальнікаў адмаўляцца ад подпісаў, паведамляе прэс-служба БХД.
У адказ Печкуроў прызнаў, што апошнімі гадамі палітычныя партыі ў Беларусі не рэгістраваліся. Ён дадаў, што дакументы партыі разглядаліся, але рашэнне пакуль не прынятае. Па словах чыноўніка, пра яго будзе паведамлена не раней за 18 жніўня.
Печкуроў: "Пасля таго, як прынята рашэнне Міністэрства юстыцыі, на працягу пяці дзён мы паведамляем заснавальнікам аб прынятым рашэнні. То бок, 13 плюс 5 — 18-га чысла".