Мінюст пачаў праверку Беларускай асацыяцыі журналістаў
Улады пачалі маштабную праверку Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведамляе прэс-служба БАЖ. Ад арганізацыі патрабуюць за два дні падаць тысячы дакументаў, прычым некаторыя з якіх знаходзяцца ў Следчым камітэце.
Ліст з Мінюста прыйшоў у БАЖ у панядзелак, 21 чэрвеня. Ад журналісцкай арганізацыі патрабуюць падаць дакументы за перыяд з 1 студзеня 2018 года і па сённяшні дзень — гэта 3 гады дзейнасці арганізацыі.
Сярод дакументаў, якія хочуць бачыць у Мінюсце, — спісы сяброў журналісцкага аб’яднання, заявы на ўступленне ў БАЖ, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час, уся фінансавая дакументацыя і многае іншае.
16 лютага ў офісе БАЖ адбыўся ператрус, сілавікі забралі частку дакументаў і тэхніку. Паводле следчых, яны шукалі сляды "фінансавання пратэснай дзейнасці". Следчы камітэт разблакаваў офіс арганізацыі толькі 12 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.