Мінздароўя забараніла павышаць кошты на лекі

Міністэрства аховы здароўя запатрабавала ад гандлёвых аб’ектаў не павышаць кошты на лекавыя сродкі і вырабы медыцынскага прызначэння, інфармуе БелаПАН, спасылаючыся на паведамленне ведамства. Тэрміны дзеяння гэтага патрабавання не пазначаныя.

Гэтае рашэнне прынятае “ў мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўраду, з улікам прынятага ўказу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2014 году”.

Пры гэтым Мінздароўя звяртае ўвагу, што “ў выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства аб фармацэўтычнай дзейнасці, а таксама аб коштаўтварэнні і завышэнні коштаў міністэрства будзе рабіць самыя жорсткія захады, ажно да закрыцця гандлёвых аб’ектаў”.

Раней Міністэрства гандлю абвясціла мараторый на рост коштаў для гандлёвых прадпрыемстваў і вытворцаў да 15 студзеня 2015 году. 9 снежня Мінгандлю прадпісала галіновым міністэрствам і канцэрнам, а таксама аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму абвясціць да 15 студзеня мараторый на павелічэнне адпускных і рознічных коштаў на спажывецкія тавары ў перадсвяточныя і святочныя дні. Рэкамендавана зафіксаваць кошты, якія былі на пэўны момант.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі