Міятавіч хоча, каб Беларусь адмяніла абавязковую акрэдытацыю журналістаў
Бо гэтае патрабванне рэальна абмяжоўвае магчымасці СМІ.
Такое меркаванне выказала ў інтэрв'ю БелаПАН прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч. 15-16 верасня яна знаходзіцца ў Мінску з афіцыйным візітам.
Міятавіч падкрэсліла, што ўвесь час уздымае гэтую праблему падчас кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Яна нагадала пра свой візіт у Беларусь у 2013 годзе: "Я прасіла ўрад зрабіць абсалютна ўсё магчымае, каб з журналістаў былі знятыя абвінавачванні, і гэта ў выніку адбылося. Зараз у Беларусі няма журналістаў у турмах, а абвінавачванні былі знятыя". Гаворка ішла пра крымінальныя справы Анджэя Пачобута, Ірыны Халіп, Наталлі Радзінай і Антона Сурапіна, кажа Міятавіч.
Акрамя адмены абавязковай акрэдытацыі журналістаў, у Беларусі варта рэфармаваць заканадаўства аб СМІ і доступе да інфармацыі, лічыць прадстаўніца АБСЕ. Важным пытаннем таксама з'яўляецца свабода ў інтэрнэце, падкрэсліла яна.