МУС адказала Кандрусевічу: Лічбаў пра вернікаў у адкрытым доступе не будзе

МУС адказала Кандрусевічу: Лічбаў пра вернікаў у адкрытым доступе не будзе

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 29 снежня змясціла на сваім сайце афіцыйную заяву ў адказ на адкрыты ліст мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Апошні напісаў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу пра няправільна падлічаных вернікаў падчас  набажэнстваў на святы Божага нараджэння і Вялікадня. Ён лічыць, што "ў апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да штучнага заніжэння ўдзелу католікаў у набажэнствах".

МУС адзначае, што інфармацыя, якая развяшчаецца на сайце ў раздзеле "Зводка", неафіцыйная і нярэдка патрабуе дадатковых удакладненняў. Што да колькасці вернікаў, то міліцыя падлічыла выключна ўдзельнікаў начных набажэнстваў у храмах у ноч з 24 на 25 снежня 2016-га. Да таго ж падобныя падлікі не з'яўляюцца абавязковай для МУС функцыяй, гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

Міністэрства ўнутраных спраў "у мэтах прадухілення ў будучыні некарэктных маніпуляцый" з інфармацыяй, якая змяшчаецца на яго сайце, вырашыла "звесткі пра колькасць грамадзян, якія ўдзельнічаюць у святкаванні рэлігійных падзей" выкарыстоўваць "выключна ў службовых мэтах без размяшчэння ў адкрытым доступе". А падлікам можа заняцца сам Рымска-каталіцкі Касцёл у Беларусі, адзначаецца ў заяве. У ёй, дарэчы, паведамляецца, што інфармацыю аб колькасці удзельнікаў набажэнстваў у ноч з 24 на 25 снежня 2016 года з сайта МУС выдалілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі