МЗС Польшчы працягне фінансаванне "Белсата" — СМІ
Белсат
Міністэрства замежных спраў Польшчы плануе і надалей фінансаваць тэлеканал "Белсат", піша сайт oko.press са спасылкай на польскіх чыноўнікаў.
"Белсат застаецца", — прыводзіць выданне словы міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага.
Прэс-сакратар МЗС Павел Вроньскі таксама кажа, што беларускі тэлеканал захавае фінансаванне, але цяпер шукаюць для гэтага эфектыўныя спосабы. Па яго словах, МЗС хоча павялічыць свой уплыў на прадукцыю "Белсата": "Мы хочам, каб яны былі добрымі праграмамі на замежных мовах. Англійскія, нямецкія, рускія. І мы хочам ведаць, як мы дасягнем гэтага патрабавання, і колькі і за што будзе плаціць польскі падаткаплатнік".
Ён рашуча абверг чуткі пра магчымую ліквідацыю "Белсата" ці youtube-канала "Вот так". Па словах дыпламата, "Белсат" — гэта адзін з сімвалаў польскай усходняй палітыкі, скіраванай на дэмакратызацыю і падтрымку сіл незалежнасці ў былых рэспубліках Савецкага Саюза.
Як паведамляла Еўрарадыё, месяц таму ў кіраўніцтва "Белсата" адклікалі фінансавыя паўнамоцтвы. Гэта звязана з польскай рэформай грамадскіх СМІ і, у прыватнасці, тэлекампаніі TVP, чыім структурным падраздзяленнем з'яўляецца "Белсат". Напрыканцы студзеня дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўска паведаміла, што фінансаванне тэлеканала падоўжанае на месяц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.