На беларуску напалі ў Вільні. Яна напісала заяву ў паліцыю і шукае адваката

Адна ў начным горадзе

Адна ў начным горадзе / unsplash.com

Адна з беларусак, на якіх напаў незнаёмец у Вільні ў ноч з 23 на 24 жніўня, падала заяву ў паліцыю. Пра гэта пацярпелая расказала Еўрарадыё.

— Мне сказалі, што я не магу запоўніць заяву анлайн (як параілі паліцэйскія на месцы здарэння ў ноч з пятніцы на суботу), бо я не рэзідэнтка Літвы і ў мяне няма мясцовага ВНЖ, — кажа Ліза, якая жыве ў Польшчы. — Таму ў суботу каля 16:00 разам з дзяўчатамі, якія чулі крыкі на вуліцы ў момант нападу, мы прыехалі ў паліцыю, і я напісала заяву ад рукі. Яны мне дапамаглі.

Жанчына, якая прымала заяву, папрасіла адзначыць у ёй, што здарылася, што ў нас няма бачных пабояў і што ў мяне ёсць відэазапіс з месца нападу, які я ў выпадку чаго гатовая даць. Адразу браць яго адмовіліся. Проста прынялі заяву, сказалі, што перададуць яе следчаму, і калі ў яго будуць нейкія пытаньні, ён мне патэлефануе ці напіша.

Пакуль мне ніхто не пісаў і не тэлефанаваў.

 

“Ёсць сінякі? Не? Значыць, не балюча”

— У паліцыі мяне ніхто не адгаворваў пісаць заяву, як гэта часам бывае, — працягвае Ліза. — Праўда, калі я яе напісала, супрацоўніца паліцыі падышла і спытала: А што вы такога зрабілі, што ён на вас напаў? Я адказала, што нічога — мы проста ішлі дадому.

Адвакаты і юрысты, патрэбная ваша дапамога

Як раней пісала Еўрарадыё, невядомы мужчына напаў на беларусак у ноч з 23 на 24 жніўня, калі яны ішлі дадому. Раніцай у суботу Ліза расказала журналістам, што ён схапіў сяброўку за локаць і паспрабаваў з ёй загаварыць. Калі дзяўчаты папрасілі яго іх не чапаць і пайшлі сваёй дарогай, ён дагнаў іх, пачаў крычаць, штурхаць і біць.

На святлафоры стаялі машыны, кіроўцы якіх сталі сведкамі здарэння. Аднак, як і ў выпадку са згвалтаванай і забітай беларускай у Варшаве, ніхто не прыйшоў на дапамогу пацярпелым. На шчасце, дзяўчатам у Вільні ўдалося ўцячы.

Я размаўляла з юрысткай, кажа Ліза. Яна сказала, што такія гісторыі звычайна расследуюць доўга, а яшчэ працэс можа аказацца затратным, бо, хутчэй за ўсё, давядзецца наймаць адваката. Ну і прафесійная кансультацыя таксама каштуе немалых грошай.

Нягледзячы на ўсе папярэджанні, я не збіраюся пускаць справу на самацёк. Думаю, што пачакаю тыдзень і, калі навін ад паліцыі не будзе, сама напішу ім на пошту. Таксама планую браць даведку ў псіхатэрапеўткі пра свой стан. У далейшым, калі гісторыя дойдзе да суда, буду выкарыстоўваць яе для атрымання маральнай кампенсацыі.

Усё, што адбылося — гэта ненармальна, так быць не мусіць. Аказаўшыся ў такой сітуацыі, я зразумела, што ў свеце вельмі не хапае цэнтраў, якія ў любы час, у тым ліку ў выходныя, могуць аказаць жанчынам псіхалагічную і юрыдычную падтрымку.

Ліза кажа, што ёй патрэбныя парады юрыстаў і адвакатаў, якія арыентуюцца ў літоўскім заканадаўстве. Калі вы можаце кагосьці параіць, пішыце на @euroradio_minsk.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі