На раскопках пад Расонамі знайшлі ўнікальны крыж часоў Івана Жахлівага

На раскопках пад Расонамі знайшлі ўнікальны крыж часоў Івана Жахлівага

Падчас раскопак на фартэцыі "Сокал" (Расонскі раён Віцебскай вобласці Беларусі) археолагі-валанцёры з "Полацкага археалагічнага легіёна" знайшлі ўнікальны крыж часоў Лівонскай вайны. Упрыгожанне памерам з далонь насіў на шыі камандзір стральцоў з войска Івана Жахлівага. Калі войскі Рэчы Паспалітай узялі "Сокал" штурмам, жаўнер, хутчэй за ўсё, загінуў.

"Крыж зроблены з косткі. Ён мае кампазіцыю з некалькімі святымі на адным баку і са сцэнай, дзе Фёдар Страцілат выганяе дэманаў, на іншым, — распавядае кіраўнік экспедыцыі, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Марат Клімаў. — Мы дакладна ведаем дату, калі крыж трапіў у зямлю, — 25 верасня 1579 года. У гэты дзень у фартэцыі "Сокал", якую штурмавалі войскі Рэчы Паспалітай, адбыўся пажар. Выпадкі, калі археалагічная знаходка цалкам захавалася і яе можна датаваць з дакладнасцю да аднаго дня, вельмі рэдкія. Таму крыж мае вялікае значэнне для ўсёй усходнееўрапейскай археалогіі".

На раскопках пад Расонамі знайшлі ўнікальны крыж часоў Івана Жахлівага
Крыж і месца ў зямлі, дзе яго знайшлі. Фота: Арцём Мартыновіч, Еўрарадыё

У 1579 годзе маскоўскі князь Іван Жахлівы паслаў свае войскі ў Полацак. Ён намагаўся ўтрымаць нядаўна захоплены горад, які трымаў у аблозе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. Але маскоўскія стральцы не здолелі прабіцца да горада і замацаваліся ў "Сокале", збудаваным на месцы, дзе зліваюцца дзве ракі: Нішча і Дрыса. Вада акаляла сцены крэпасці з трох бакоў.

На раскопках пад Расонамі знайшлі ўнікальны крыж часоў Івана Жахлівага

Калі Баторый узяў Полацк, ён са сваімі войскамі рушыў на "Сокал". 19 верасня 1579 года фартэцыя была ўзятая ў аблогу. Ля яе сцен адбылося некалькі сутычак. 25 верасня артылерыя Рэчы Паспалітай гартаванымі ядрамі падпаліла драўляную сцяну крэпасці. 

Маскавіты паспрабавалі пайсці на прарыў, але кавалерыя Баторыя пасекла іх і ўзяла ў палон ваяводу Фёдара Шарамецева. Стральцы адступілі за сцены, але разам з імі за вароты крэпасці здолелі прарвацца каля 500 нямецкіх наёмнікаў Баторыя. Пачалася крывавая сеча, кропку ў якой паставіла кавалерыя РП, што прыйшла на дапамогу немцам. Амаль увесь гарнізон "Сокала" быў знішчаны.

На раскопках пад Расонамі знайшлі ўнікальны крыж часоў Івана Жахлівага

"Крыж, які мы знайшлі, — высокамастацкі выраб. Больш танныя версіі такіх упрыгожанняў адліваліся з бронзы. Але тут у нас выраб з косткі — тонкая ручная работа, таму мы можам меркаваць, што ён належаў не шараговаму стральцу, а некаму з камандзіраў. На крыжы чытаюцца надпісы: "Мікола" і, магчыма, "Варлаам" — мы яшчэ будзем займацца іх дэшыфроўкай.

Крыж быў знойдзены побач з нажом. Імаверна, яны належалі аднаму і таму ж чалавеку. Упрыгожанне імітуе энкалпіёны — двухбаковыя крыжы-складзені, у якіх захоўваліся рэшткі святых. Такія крыжы былі распаўсюджаныя і ў раннім, і ў познім Сярэднявеччы, — працягвае Марат КлімаўУ Беларусі ёсць толькі адзін падобны крыж — ён захоўваецца ў экспазіцыі Віцебскага музея. Але яго дакладная храналогія невядомая і па кампазіцыі ён адрозніваецца".

Валанцёры з "Полацкага археалагічнага легіёна" вядуць раскопкі ў "Сокале" другі год запар. Экспедыцыі прынеслі шмат знаходак часоў Лівонскай вайны: наканечнікі стрэлаў, фрагменты амуніцыі стральцоў, фрагменты посуду, крэсіва і нават абгарэлая драўляная кадка, якая цудам захавалася ў зямлі. Пасля вывучэння ў Акадэміі навук усе гэтыя рэчы могуць трапіць у экспазіцыі краязнаўчых музеяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі