На Рыжскім саміце Усходняга партнёрства падпісалі выніковую дэкларацыю
Беларусь далучылася да яе з пэўнымі агаворкамі.
Удзельнікі саміту "Усходняга партнёрства" ў Рызе, падпісалі выніковую дэкларацыю. У дакуменце заяўляецца падтрымка тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама ёсць заклік да поўнага выканання Мінскіх пагадненняў наконт Данбасу. Акрамя таго, Усходняе партнёрства заклікае тэрмінова адпусціць усіх закладнікаў і незаконна ўтрымліваных асоб ва Украіне.
Таксама ў дэкларацыі ўдзельнікі саміту заклікалі да расследавання крушэння "Боінга" ва Украіне і пакарання вінаватых.
У выніковым дакуменце саміта няма палажэння аб прадастаўленні Грузіі і Украіне бязвізавага рэжыму ў 2016 годзе.
Беларусь папрасіла далучыць да дэкларацыі спецыяльную пісьмовую заяву. Прадстаўнікі нашай краіны зазначылі, што не прымаюць "канкрэтныя параграфы, у якіх маюцца канфрантацыйныя пасылы на адрас трэціх краін".
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей зазначыў, што ў заключным варыянце дэкларацыі не гаворыцца пра незаконную анэксію Крыма. Там ёсць толькі заява краін Еўрасаюза, што яны не прызнаюць падзеі, звязаныя з Крымам.
Фота — МЗС Беларусі