Наступным госцем клуба Святланы Алексіевіч будзе пісьменнік Уладзімір Сарокін
Наступным лектарам інтэлектуальнага клуба Святланы Алексіевіч будзе расійскі пісьменнік Уладзімір Сарокін. Пра гэта нобелеўская лаўрэатка абвясціла напрыканцы сустрэчы з публіцыстам Аляксандрам Марозавым, якая адбылася 20 красавіка.
Пісьменніца не ўдакладніла дату наступнага пасяджэння клуба.
Уладзімір Сарокін — адзін з самых яркіх і скандальных прадстаўнікоў сучаснай расійскай літаратуры. Ён нарадзіўся ў жніўні 1955 года пад Масквой. Як пісьменнік сфарміраваўся пад уплывам савецкай багемы 1980-х. Раманы, напісаныя ў той час (уключна з нецэнзурнай постмадэрнісцкай "Нормай"), будуць надрукаваныя толькі ў 1990-я, пасля распаду СССР.
У 1999 годзе раман "Блакітнае сала" (выдавецтва "Ad Marginem") прыносіць Уладзіміру Сарокіну ўсеагульную вядомасць. Героі кнігі — клоны рускіх пісьменнікаў, стыль якіх час ад часу парадыруецца ў тэксце. У гэтай і ў наступных кнігах Сарокін надае шмат увагі пераасэнсаванню літаратурнай творчасці, будучыні ў мультыкультурным свеце і сутыкненню культураў.
У 2002 годзе актывісты прапуцінскай арганізацыі "Идущие вместе" выкінулі некалькі экземпляраў "Блакітнага сала" ў вялікі пенапластавы унітаз, які абвясцілі "помнікам Уладзіміру Сарокіну". Пазней сябры гэтай арганізацыі спалілі некалькі яго кніжак.
Апошнія раманы Уладзіміра Сарокіна — "Тэлурыя" (2013) і "Манарага" (2017). Галоўны герой "Манарагі" — Геза Яснадворскі, сын польскай татаркі і беларускага габрэя. Гэтая дэталь — адна з нешматлікіх, што звязваюць Сарокіна і Беларусь.