Не рупар улады, не баявы лісток: што "Комсомолка" будзе пісаць пры Коцу
Аляксандр Коц / "ВКонтакте"
Ваенны карэспандэнт з Расіі Аляксандр Коц будзе выконваць абавязкі галоўнага рэдактара "Комсомольской правды в Беларуси". "Беларускія ўлады выказалі недавер галоўнаму рэдактару Андрэю Ляўкоўскаму. Ён пераведзены ў цэнтральны апарат КП у Маскву, — тлумачыць сваё прызначэнне Коц. — Мяне ж, як чалавека, які працаваў у розных экстрэмальных і рэвалюцыйных умовах і трохі ў іх арыентуецца, прызначылі кіраваць рэдакцыяй у гэты крызісны час".
Коц абяцае, што не будзе рабіць з газеты ні "рупар улады", ні "баявы лісток апазіцыі". Еўрарадыё вырашыла даведацца, што журналіст казаў пра падзеі, якія адбыліся ў Беларусі, — бо менавіта ад гэтага ў многім залежыць, якой стане пры ім "Комсомолка".
"Нават у Егіпце з такім не сутыкаўся"
У дзень выбараў Коц піша пра высокую яўку на выбарчых участках, адзначаючы, што такое адбываецца ў Беларусі ўпершыню. Вечарам яго чамусьці весяляць звесткі апазіцыйнага экзітполу: "Ахаха! Лукашэнка — 15,7%, Ціханоўская — 71,1%".
Але хутка яго настрой мяняецца. Коц лічыць, што адключэннем інтэрнэту Лукашэнка сам сябе перайграў: "У сацсетках проста вялізная перавага апазіцыі". Ваенкора абурае жорсткасць сілавікоў, асабліва ў дачыненні да прадстаўнікоў прэсы.
"Дзесяць хвілін таму сілавікі накінуліся на фатографаў, якія вялі здымку. — піша ён. — Некаторых білі па твары. Усім было заяўлена: альбо едзеце ў аддзел, альбо аддаяце флэшкі. Ахвотных катацца ў аўтазаку не аказалася. Я нават у Егіпце на рэвалюцыях і контррэвалюцыях з такім не сутыкаўся".
Па матывах убачанага ў "Комсомолке" ў журналіста і яго калегі Уладзіміра Варсобіна выходзіць рэпартаж пад назвай "Невыносная жорсткасць біцця ў Мінску: адкуль столькі лютасьці ў сілавікоў, якія разганяюць пратэст".
Здаць шэфа
13 жніўня, пераварыўшы свае ўражанні, ваенкар выступае на Радио "Комсомольская правда". Ён расказвае, як паводзяць сябе сілавікі ў розных частках Мінска: дзесьці ўключаючы ветлівых людзей, дзесьці страляючы па вокнах і балконах жылых будынкаў. На думку журналіста, Беларусь схіляецца да венесуэльскага сцэнара з абвяшчэннем лідара.
"Паралельная ўладная структура, урад нацыянальнай свядомасці ці нешта такое. Такая фантомная структура, якую прызнае Захад, пачынае ціснуць Лукашэнку санкцыямі і гэтак далей. Такі працяглы варыянт магчымы", — мяркуе Коц.
На думку Коца, працэс скідання беларускай улады ўжо запушчаны і спыняць яго ніхто не збіраецца. Ён лічыць, першымі Лукашэнку пачнуць здаваць яго паплечнікі, эліта і дыпламаты.
"Напэўна ёсць нейкія замежныя актывы і ў яго, і ў яго атачэння. Думаю, больш будуць біць па атачэнні. Не здзіўлюся, калі нейкая частка беларускай эліты даўно ўжо настроена супраць яго і будзе рада толькі здаць свайго шэфа ўзамен на гарантыі Захаду. Хоць па ўкраінскім досведзе мы ведаем, што гэтыя гарантыі нічога не вартыя", — кажа Коц.
Бліжэй да канца месяца Коц выкажацца пра тое, што Лукашэнка занадта высока адарваўся на сваім верталёце ад зямлі і ад народа.
Перажасцілі на пачатковым этапе
У верасні Аляксандр Коц дае падрабязнае інтэрв'ю грамадска-палітычнаму выданню "Свободная Пресса". У ім ваенкар гаворыць пра тое, што пратэсты ў Беларусі нагадваюць яму балотныя пратэсты ў Маскве. Праўда, з адным адрозненнем. У Беларусі занадта моцна жасцяць.
"Проста трэба было перачакаць, калі гэта пратэставая маса пераварыць сама сябе, — мяркуе ён. — Вядома, у 2024 годзе, умоўна, пратэсты будуць мацнейшыя. Натуральна, шмат людзей будзе выходзіць на вуліцы. Тут галоўнае — не паўтарыць фатальныя памылкі, якія былі ва Украіне. Тыя ж памылкі робіць Мінск, наступаючы на тыя ж граблі.
Як мне здаецца, у Беларусі занадта перажасцілі з ужываннем сілы на пачатковым этапе і гэта вельмі моцна дадало народу тых, хто сімпатызуе і спачувае пратэсту. Трэба больш абачліва ставіцца да запатрабаванняў усіх частак грамадства і менш жасціць. Лукашэнка вырашыў, што ён не пойдзе ні на якія кампрамісы".
У інтэграцыі не зацікаўленыя
У тым жа інтэрв'ю Коц гаворыць пра тое, што беларускае грамадства не падобнае да ўкраінскага. І заклікае не рабіць высноў пра ўсю Расію па асобных палітыках і СМІ:
"Няхай яны на мяне не крыўдзяцца, але беларусы інфантыльныя, вельмі крыўдлівыя. Дарослае спелае грамадства так сябе не паводзіць. Яны асацыююць уладу ці СМІ з усёй Расіяй. Мне часта прыходзяць паведамленні ў "Тэлеграм" пра тое, што Расія нам здрадзіла. Расія нас адштурхнула. Я кажу, у сэнсе, якая Расія? Калі вы робіце высновы па асобных палітыках пра ўсю краіну, то давайце мы, расіяне, будзем рабіць высновы пра Беларусь па выказваннях Лукашэнкі. А Лукашэнка ў апошнія пяць-дзесяць гадоў нічога добрага на адрас Расіі не казаў".
Коц лічыць, што за апошнія гады "сіламі беларускіх уладаў" у беларусаў адбілі ахвоту глыбока інтэгравацца з Расіяй:
"Мне здаецца, што праціўнікаў глыбокай інтэграцыі, рэальнай Саюзнай дзяржавы з адзінай арміяй, валютай, парламентам, адным, ужо страшна сказаць, прэзідэнтам, я думаю, супраць гэтага [ў Беларусі] большасць. І я не ўпэўнены, што за гэта будзе большасць расіян".
За рэальны хаўрус
То там, то тут Коц то яўна, то ў падтэксце палохае беларусаў паўторам "украінскага сцэнара". Гэта робіць яго рыторыку падобнай да таго, што кажа Аляксандр Лукашэнка.
"Чарговы раз у "Тэлеграме" мне падпісчыкі даказваюць, што Беларусь [у арыгінале "Белоруссия". — Еўрарадыё] — гэта не Украіна, гэта "зусім іншае", — піша Коц. — Наогул, тэхналогіі "каляровых рэвалюцый" тым і "добрыя", што працэсы, падобныя да ўкраінскіх, егіпецкіх, лівійскіх і гэтак далей ідуць без волі пратэстоўцаў... Вялікім дзядзям усё роўна, што вы выходзіце "не супраць Расіі, а супраць Лукашэнкі, за сяброўства і з Расіяй, і з Захадам". Нікому на Захадзе ваша шматвектарнасць не патрэбна. І як толькі рэвалюцыя пераможа, адразу можаце пачынаць лічыць страты".
Сам Коц не ёсць праціўнікам інтэграцыі. Ён лічыць, што хаўрус з Расіяй дае Беларусі цалкам адчувальныя перавагі. Толькі калі гэта "рэальны, юрыдычна аформлены хаўрус, з канстытуцыйным актам Саюзнай дзяржавы", а не "вілянне хвастом, як у апошнія гады".
А што там з Украінай?
Водгукі Коца пра цяперашні стан спраў ва Украіне пераважна негатыўныя. Ён лічыць антырасійскія настроі ўкраінскіх уладаў памылкай. Гучыць гэта як перасцярога для Беларусі:
"Толькі Расія ж, як паказаў досвед разрыву сувязяў з Украінай, не без праблем, але ўсё-ткі знаходзіць замену. А вось Украіна са сваёй прадукцыяй на Захадзе сталася нікому не патрэбная".
Стаўленне да Святланы Ціханоўскай у Коца, хутчэй, іранічнае. А калі ў адной інфанагодзе сустракаюцца Ціханоўская і Украіна, яго захлістваюць эмоцыі:
"Аааа!!! Колькі разоў я чуў ад беларусаў: "Ды мы не ўкраінцы. Ды ў нас іншае". Ну вось ваш "абраны прэзідэнт" вам расказвае пра "іншае". Ціханоўская заявіла, што беларусаў на пратэсты натхнілі ўкраінцы!"
"З такімі лідарамі ніякіх ворагаў не трэба", — падсумоўвае расійскі журналіст, які цяпер будзе выконваць абавязкі рэдактара беларускай "Комсомолки".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.