Ніводзін з патэнцыйных кандыдатаў не прыйшоў сустракаць Статкевіча
Каб павіншаваць былога палітвязня, людзі праязджалі да сотні кіламетраў. Але ў натоўпе не аказалася ўдзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі.
22 жніўня на аўтавакзале Усходні ў Мінску больш за сотню чалавек сабралася, каб сустрэць былога палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.
Сярод прысутных было шмат актывістаў, праваабаронцаў і палітыкаў. Цікава, што ніводзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі не быў заўважаны.
Не было і тых, хто здаў подпісы у выбаркамы, і тых, хто не сабраў патрэбную колькасць і выбыў з прэзідэнцкай кампаніі.
На вакзале карэспандэнты Еўрарадыё заўважылі кіраўніка штаба Таццяны Караткевіч Андрэя Дзмітрыева і лідара партыі БНФ Аляксея Янукевіча, а таксама былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча. Некаторыя людзі прыехалі сустракаць Статкевіча з іншых гарадоў Беларусі за сотні кіламетраў ад Мінска.
Статкевіч: Здолеў бы зрабіць выбары нелегітымнымі, але мяне выгналі з турмы
Адзначым, што прэзідэнцкую гонку працягваюць 5 прэтэндэнтаў, якія здолелі сабраць па 100 тысяч подпісаў: прэтэндэнт ад апазіцыйнай арганізацыі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч, дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, атаман Мікалай Улаховіч, эканаміст Віктар Цярэшчанка і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Апазіцыянеры Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін не здолелі сабраць 100 тысяч подпісаў і зняліся з выбараў.