Новы вертыкальшчык паабяцаў сёлета пачаць будаўніцтва тэатра ў Слоніме
Будаўніцтва тэатра сёлета пачнецца ў Слоніме. Такое абяцанне даў нядаўна прызначаны старшыня райвыканкама Іосіф Паўлюкевіч. У сваёй прамове на адзіным дні інфармавання насельніцтва ён згадаў, што старажытны горад мае свае далёкія тэатральныя традыцыі і шматвякавую гісторыю. Як піша "Газета Слонімская", у студзені 2010 года Слонімскі драматычны тэатр адзначыць сваё 20-годдзе (тэатр у Слоніме існаваў яшчэ ў XVIII ст.). Дагэтуль ён месціцца ў раённым доме культуры. За гэты час неаднаразова рознымі ўстановамі абяцалася аднавіць будынак былога Народнага дома, але "аднаўленне" адбывалася на паперы. Ён па-ранейшаму стаіць у руінах у цэнтры горада.