Новыя цягнікі для мінскага метро: як выглядаюць і калі з’явяцца

Новыя цягнікі для мінскага метро: як выглядаюць і калі з’явяцца

20 сакавіка на заводзе швейцарскай кампаніі Stadler у Фаніпалі прадставілі першы цягнік для мінскага метро. Футурыстычны дызайн, аўтаматыка, модульныя вагоны і межвагонныя праходы, гукапаглынаючыя матэрыялы — ужо 1 красавіка першы цягнік прыбудзе ў дэпо “Магілёўская”, каб прайсці шэраг неабходных тэстаў.

Запуск эксплуатацыі цягнікоў Stadler для пасажыраў на першай і другой лініях мінскага метро запланаваны на другую палову 2019 года — меркавана ў кастрычніку-лістападзе.

Новыя цягнікі для мінскага метро: як выглядаюць і калі з’явяцца

Інжынеры кампаніі намагаліся падкрэсліць высокі тэхналагічны ўзровень навінкі і распрацаваць дызайн, які б адразу асацыяваўся з Мінскам і сталічным метрапалітэнам. Колеры “падглядзелі” на гербе сталіцы — блакітны, белы і чырвоны актыўна выкарыстоўваюцца ў элементах новых саставаў.

Уваходныя пляцоўкі вагонаў зрабілі максімальна прасторнымі. Каля дзвярэй жоўтай фарбай абазначана магчымая небяспечная зона. Усе цягнікі маюць у сваёй канструкцыі гукапаглынаючыя матэрыялы.

Упершыню ў сталічным метрапалітэне з’явяцца саставы з сучлененымі вагонамі. Цяпер пасажыры могуць перамяшчацца па ўсім цягніку праз шырокія межвагонныя праходы.

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі у галаўных вагонах будзе спецыяльная зона для камфортнай перавозкі інвалідаў-калясачнікаў. Перасоўвацца па саставе на вазку таксама будзе магчыма — шырыня праходаў паміж вагонамі гэта дазваляе.

Дзеля зніжэння расходу электраэнэргіі і больш пільнага саблюдзення графіку кожны новы цягнік мае “на борце” сістэму аўтакіравання. Яна падказвае машыністу неабходную хуткасць і можа аўтаматычна спыняцца на станцыях. Што праўда, працаваць гэта будзе толькі на станцыях з адмыслова ўсталяванымі бар’ерамі.

І яшчэ адна “разынка” — зарадзіць свой тэлефон ці планшэт можна будзе ў кожным вагоне. Таксама ўсе саставы маюць кандыцыянеры.

Замову на выраб новых саставаў цягнікоў для метрапалітэна Stadler атрымаў у студзені 2017 года. Кантракт падпісаны на пастаўку 10 цягнікоў: 6 чатырохвагонных і 4 пяцівагонных. Ужо ў гэтым годзе плануецца паставіць шэсць саставаў, а апошнія чатыры — у 2020 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі